Беларуская Служба

Зямлю ксяндза Акалатовіча не змаглі прадаць праз аўкцыён

25.02.2026 08:45
Гэты невялікі ўчастак – зямля яго бацькоў, што знаходзіцца непадалёк ад бацькоўскага дому.
Аўдыё

Электронныя таргі па продажы зямельнага ўчастка, які належыць ксяндзу Генрыху Акалатовічу, у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёна, не адбыліся, піша «Katolik Life». Яны былі прызначаныя на 24 лютага. Аднак аўкцыён завяршыўся нічым па прычыне адсутнасці ўдзельнікаў – ніхто не захацеў купляць зямлю святара.

Гэты невялікі ўчастак – зямля яго бацькоў, што знаходзіцца непадалёк ад бацькоўскага дому, – цяпер з'яўляецца арыштаванай маёмасцю і выстаўляўся на продаж «у кошт пагашэння запазычанасці па выканаўчай вытворчасці».

Таксама вернікам вядома, што пад арышт трапіў і мікрааўтобус, які належыць не святару, а парафіі.

Як мы паведамлялі, па абвінавачванні ў «здрадзе дзяржаве» акрамя пазбаўлення волі тэрмінам на 11 гадоў ксяндза Акалатовіча абавязалі выплаціць нібыта прычыненую дзяржаве шкоду сумай 1 млн 700 тысяч рублёў – гэта 500 тысяч еўра.

Яго выпусцілі на свабоду, аднак абавязак выплаты велізарнай сумы не знялі. Раней у кошт пагашэння запазычанасці быў прададзены асабісты аўтамабіль ксяндза – 20-гадовы Volkswagen.

Яшчэ адно арыштаванае аўто – мікрааўтобус той жа маркі і такога ж узросту, які фармальна зарэгістраваны на былога пробашча, аднак з'яўляецца ўласнасцю парафіі. Верагодна, яго таксама паспрабуюць прадаць з аўкцыёну. З-за арышту парафія не можа карыстацца аўтамабілем, таму ён прастойвае ўжо больш за два гады.

Бацькоўскі дом ксяндза на таргі пакуль не выстаўлялі.

Сам святар па-ранейшаму знаходзіцца ў Рыме, куды яго вывезлі разам з айцом Анджэем Юхневічам адразу пасля вызвалення. Яны працягваюць аднаўляцца пасля доўгага зняволення. Іх далейшы лёс пакуль застаецца нявызначаным.

Крыніца: «Katolik Life»/юл