Выпадак у Польшчы, калі ўладальніку пашпарта Новай Беларусі ініцыявалі працэдуру пазбаўлення міжнароднай абароны, паказаў магчымыя рызыкі яго выкарыстання ў афіцыйных працэдурах.
Прадстаўнік Беларускага пашпартнага цэнтра (БПЦ), які займаецца выдачай пашпартоў Новай Беларусі ў размове з медыя папярэдзіў, што пашпарт Новай Беларусі — важны сімвалічны праект дэмакратычных сіл, створаны для падтрымкі беларусаў у выгнанні і захавання іх ідэнтычнасці, аднак ён не з'яўляецца дакументам прызнаным на міжнародным узроўні.
— Мы ўсім афіцыйна не рэкамендуем пашпарты Новай Беларусі выкарыстоўваць як афіцыйны дакумент і пра гэта напісана на сайце БПЦ belarus-passport.com, адзначыў ён.
Пры гэтым, прадстаўнік дэмсіл мяркуе, што чым больш будзе ўладальнікаў гэтых пашпартоў, тым хутчэй будзе ісці працэс іх прызнання.
Прадстаўнік Беларускага пашпартнага цэнтра падкрэсліў, што пашпарт адпавядае ўсім стандартам ICAO, у ім закладзеныя біяметрычныя дадзеныя грамадзяніна Беларусі, электронны подпіс, адбіткі пальцаў, чып, які перадае дадзеныя праз NFC. Пашпарт Новай Беларусі не адрозніваецца ад іншага нацыянальнага пашпарта, аднак, пакуль, ён не можа выкарыстоўвацца ў якасці пасведчання асобы.
— Чалавек як мінімум два разы — калі рэгіструецца на платформе і калі потым прыходзіць атрымліваць пашпарт — падпісваецца пад тым, што гэты дакумент не з’яўляецца трэвэл-дакументам і дакументам ідэнтыфікацыі. (...) Нам вядома, што людзі пабраліся шлюбам [па гэтым пашпарце], зарэгістравалі свае аўтамабілі, крочаць праз межы, нават ставяць візы. Мы іх папярэджвалі, што гэта можа быць праблемай.
Сёння пашпарт Новай Беларусі неафіцыйна прымае міграцыйная служба Украіны, у прыватнасці, ад беларускіх добраахвотнікаў, у якіх няма ніякіх дакументаў.
яс