Беларуская Служба

У МУС Беларусі паведамілі, колькі чалавек летась асудзілі за гвалт або абразу міліцыянтаў

27.02.2026 12:47
Адначасова факты жорсткага стаўлення міліцыянтаў да затрыманых і асуджаных паводле палітычных матываў улады ігнаруюць.
Ілюстрацыйны здымакsucco/pixabay.com/CC0

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі заявілі, што галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі не спыняе працэс па «абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі» міліцыянтаў і вайскоўцаў унутраных войскаў.

«Летась за гвалт або пагрозу прымянення гвалту супраць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, а таксама за абразу і супраціў ім асудзілі амаль 300 чалавек. Разам з тым, прафілактычная работа, што праводзіцца, дае адчувальныя вынікі, агульны лік падобных крымінальных учынкаў значна скараціўся», – адзначаецца ў афіцыйным паведамленні.

У МУС папярэдзілі, што закон прадугледжвае жорсткае пакаранне за такія дзеянні, у тым ліку пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў.

«На тле лічбавізацыі і росту інфармацыйных патокаў таксама рэгіструюцца факты правакацый, распаўсюду хлуслівых звестак і спробы ціску на міліцыянтаў у інтэрнэце. Гэтыя дзеянні не застануцца без пакарання! У мэтах адсочвання супрацьпраўных дзеянняў бесперапынна праводзіцца маніторынг усясветнай павуціны», – паведамілі ў ведамстве.

У МУС заявілі, што гвалт або пагроза прымянення гвалту супраць міліцыянта з’яўляецца «замахам на грамадскую бяспеку».

У Беларусі пасля масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў у 2020 годзе пачалі масавы пераслед грамадзян, якія збіралі і распаўсюджвалі інфармацыю пра міліцыянтаў, датычных да гвалту супраць пратэстоўцаў. Многія з іх дагэтуль адбываюць пакаранні, у той час, як факты жорсткага стаўлення міліцыянтаў да затрыманых і асуджаных паводле палітычных матываў улады ігнаруюць.

Свабода/ав