Беларуская Служба

Двух былых кіраўнікоў Intex-Press асудзілі да вялізных турэмных тэрмінаў

27.02.2026 14:00
Судовы працэс над медыяменеджарамі распачаўся 3 лютага 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме.
     BAR24,      Intex-Press
Былыя кіраўнікі баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней — незалежнай газеты Intex-Press Андрэй Пакаленка і Уладзімір ЯнукевічКалаж: БАЖ

У Брэсцкім абласным судзе 26 лютага 2026 года быў агучаны прысуд былым кіраўнікам баранавіцкага навінавага партала BAR24, а раней – незалежнай газеты Intex-Press, Уладзіміру Янукевічу і Андрэю Пакаленку.

Як стала вядома БАЖ, абодвух абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Уладзіміру Янукевічу суд прызначыў 14 гадоў пазбаўлення волі і 3000 базавых велічыняў (135 тысячаў рублёў) штрафу на карысць дзяржавы, Андрэю Пакаленку – 12 гадоў і 1000 базавых велічыняў (45 тысячаў рублёў) штрафу. Таксама ёсць інфармацыя пра вялізнае агульнае спагнанне ў памеры каля 200 тысячаў рублёў.

Уладзіміру Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам найбуйнейшай незалежнай рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Андрэй Пакаленка працаваў там жа намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля таго, як выданне было зліквідаванае, яны разам з камандай стварылі навінавы сайт BAR24 (bar24.by).

У снежні 2024 года супрацоўнікаў новага гарадскога партала затрымалі. У іх жыллі, а таксама ў рэдакцыі сілавікі правялі ператрусы, забралі тэхніку. Некалькіх чалавек адпусцілі, а супраць шасці затрыманых, якіх змясцілі ў СІЗА, па распараджэнні Брэсцкай пракуратуры завялі крымінальныя справы ў межах арт. 361–4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

БАЖ/ав