«У сувязі з закрыццём паветранай прасторы шэрагу краін Блізкага Усходу «Белавія« вымушана карэктуе план палётаў», – паведамляе тэлеграм-канал авіякампаніі.
1 сакавіка адменены рэйс Мінск-Тэль-Авіў-Мінск. Пасажыры маюць магчымасць аформіць вяртанне кошту квіткоў або перанесці даты вылету.
Таксама затрымліваецца сённяшні рэйс з Дубая ў Мінск. Пры гэтым табло паказвае, што рэйс, які вылецеў сёння з Мінску а 3-й гадзіне раніцы, прызямліўся ў Дубаі а 10:00. У той час у рэгіёне ўжо актыўна ляталі ракеты.
«Белавія» прапануе сачыць за актуальным часам вылету-прылёту на сайце belavia.by, а таксама рэкамендуе пасажырам удакладніць статус свайго рэйса перад выездам у аэрапорт.
У сувязі з ударамі Ізраілю і ЗША па Іране і атакамі ў адказ Тэгерана на амерыканскія базы ў краінах Персідскай затокі, многія авіякампаніі аб’явілі аб прыпыненні палётаў у рэгіёне. Сярод іх Lufthansa, Air France, British Airways, WizzAir, Turkish Airlines, Qatar Airways, Iberia Express, Аэрофлот і шэраг іншых. Пакуль размова ідзе пра прыпыненне да 3-га, часам да 7-га сакавіка.
Свабода/ав