За некалькі дзён былі сабраныя грошы на пахаванне былога палітзняволенага, аператара-пастаноўшчыка Дзяніса Сакалоўскага, які памёр у эміграцыі.
Яму было 47 гадоў. Мужчыну знайшлі сябры, абставіны смерці высвятляюцца. Сям’я просіць дапамогі на пакрыццё юрыдычных выдаткаў, транспарціроўку цела ў Беларусь і арганізацыю пахавання.
Дзяніс Сакалоўскі больш за дзесяць гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, супрацоўнічаў з вядучымі замежнымі каналамі, сярод якіх ARD, ZDF, DW, Arte, Al Jazeera і іншыя. У 2017 годзе стаў лаўрэатам нацыянальнай тэлепрэміі Тэлевяршыня як найлепшы аператар.
Ягоныя фільмы атрымлівалі ўзнагароды на міжнародных фестывалях. У жніўні 2020 года ён далучыўся да страйку на дзяржаўным тэлебачанні. У снежні таго ж года быў затрыманы па «справе Прэс-клуба» і правёў восем месяцаў у СІЗА. Пасля вызвалення заставаўся падазраваным у крымінальнай справе, а ў 2022 годзе вымушана пакінуў Беларусь.
У эміграцыі ў Берліне працаваў не толькі ў медыя, але і на будоўлі. Родныя Дзяніса падкрэсліваюць: ён ніколі не звяртаўся па дапамогу для сябе, але цяпер падтрымка патрэбная сям’і, каб годна развітацца з ім. Агульная сума збору — 4600 еўра. Пасля поўдня ў панядзелак 2 сакавіка было сабрана ўжо больш за гэтую суму (4666 еўра).
нг