Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне (LRT) не будзе трансляваць цырымонію адкрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў у Мілане-Корціне пасля таго, як Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) дазволіў расійскім і беларускім спартсменам спаборнічаць пад сцягамі сваіх краін.
Як гаворыцца ў заяве LRT, апублікаванай у панядзелак, гэтае рашэнне было прынята ў знак салідарнасці з грамадскімі вяшчальнікамі Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.
«Мы не можам пагадзіцца з рашэннем Міжнароднага паралімпійскага камітэта дазволіць расійскім і беларускім спартсменам спаборнічаць пад сцягамі сваіх краін і далучаемся да ініцыятывы балтыйскіх вяшчальнікаў не трансляваць цырымонію адкрыцця», – цытуе заяву намеснік генеральнага дырэктара LRT Гіціс Аганаўскас.
Пасля ўварвання Масквы ва Украіну Расіі і Беларусі было забаронена ўдзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях 2022 года, хаця праз два гады ім было дазволена спаборнічаць у якасці нейтральных спартсменаў на летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы.
У канцы лютага МПК дазволіў шасці расіянам і чатыром беларусам удзельнічаць у Паралімпійскіх гульнях у Мілане-Корціне пад сваімі сцягамі, а не ў якасці нейтральных спартсменаў.
Усяго ў Паралімпійскіх гульнях прымуць удзел 665 спартсменаў, якія разыграюць 79 камплектаў медалёў. Гульні працягнуцца да 15 сакавіка.
LRT/ав