Беларуская Служба

Хакеры атакуюць беларускія дзяржаўныя сайты, бо Лукашэнка - у Радзе міру Трампа

03.03.2026 13:21
У сваіх сацсетках хакеры заяўляюць, што атакавалі сайты Нацыянальнага статыстычнага камітэту, гасцініцы «Беларусь» і сайт беларускага тэкстылю.
   Garuda Eye.
Лагатып хакерскай групоўкі Garuda Eye. Крыніца: thegarudaeye/Instagram

Хакеры з групоўкі Garuda Eye паведамілі пра атакі на сайты краінаў, якія ўвайшлі ў Раду міру прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Сярод іншых былі атакаваныя і рэсурсы, звязаныя з беларускім рэжымам. 

У сваіх сацсетках хакеры заяўляюць, што атакавалі сайты Нацыянальнага статыстычнага камітэту, гасцініцы «Беларусь» і сайт беларускага тэкстылю trikotazh.by. Тым не менш названыя рэсурсы працуюць, звяртае ўвагу “Белсат”. 

Акрамя таго, былі атакаваныя сайты, звязаныя з Арменіяй, Азербайджанам, Аргентынай, Бахрэйнам, Албаніяй і іншымі краінамі, ад якіх патрабуюць: «вон з Рады міру!». 

«Грошы з Рады міру выкарыстоўваюцца, каб забіваць нявінных людзей», – заяўляюць хакеры, абяцаючы працягваць свае атакі. 

Garuda Eye («Вока Гаруды») – групоўка індыйскіх хактывістаў. Пра яе атакі вядома прынамсі з канца 2025 года. Назва арганізацыі адсылае да імя міфічнага валадара птушак у індуізме – Гаруды. 

19 лютага ў Вашынгтоне ўпершыню сабралася створаная Дональдам Трампам Рада міру. У Вашынгтон запрашалі і Аляксандра Лукашэнку, але ён адмовіўся, хоць першым далучыўся да рады. А вось ягонага міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова на пасяджэнне не пусцілі. Тым не менш Лукашэнка з Рады не выходзіць, хоць ЗША і ваююць з ягонымі хаўруснікамі.

вс