Першы вывазны рэйс «Белавія» прызямліўся ў Мінску. Boeing 737-800 ляцеў па бяспечным маршруце, абмінаючы патэнцыйна небяспечныя тэрыторыі. З-за аблёту борт быў вымушаны зрабіць пасадку ў Актау (Казахстан) для дазапраўкі і толькі потым узяў курс на Нацыянальны аэрапорт Мінск, паведамілі ў прэс-службе «Белавія».
Паводле інфармацыі авіяперавозчыка, рэгулярныя рэйсы, якія звязваюць беларускую сталіцу і найбуйнейшы горад ААЭ, 4 і 5 сакавіка скасаваныя.
«У гэтыя даты плануюцца вывазныя рэйсы: самалёт вылеціць з Мінска без пасажыраў і даставіць у Беларусь пасажыраў з Дубая. <…> Цяпер ідзе працэс атрымання дазволаў на выкананне гэтых рэйсаў», — адзначыла кампанія.
Авіякампанія або тураператары звяжуцца з пасажырамі гэтых адмысловых рэйсаў па «кантактных звестках, пазначаных пры рэзервацыі».
Паведамляецца, што пасажыры скасаваных рэйсаў таксама могуць аформіць вяртанне поўнага кошту квітка (па месцы набыцця) або бясплатна перанесці вылет па тым жа маршруце з захаваннем класа абслугоўвання (пры наяўнасці свабодных месцаў).
Перавозчык папярэдзіў, што рашэнне абмяняць квіток трэба прыняць не пазней за 15 сакавіка. Пасля гэтай даты па такіх авіяквітках можна будзе аформіць толькі вяртанне.
«Авіякампанія робіць усе высілкі, каб звесці да мінімуму нязручнасці для пасажыраў, выкліканыя сітуацыяй у рэгіёне», — паведаміла «Белавія».
Паводле даных Нацыянальнага агенцтва па турызме, цяпер у краінах Блізкага Усходу знаходзіцца больш за 3 тыс. турыстаў з Беларусі. У Арабскіх Эміратах адпачывае больш за 2,5 тыс. чалавек, у Амане — 319, у Катары — каля 200 чалавек, паведамляе дзяржаўны анлайн-партал news.by са спасылкай на Нацыянальнае агенцтва па турызме. У статыстыку ўключаныя турысты, якія набывалі пуцёўкі праз турагенцтвы.
Крыніца: «Позірк»/NEWS.BY/юл