Беларуская Служба

У высокапастаўленага экс-сілавіка Малдовы знайшлі сувязі з беларускім КДБ

04.03.2026 15:12
СМІ пішуць, што расследуецца справа аб шпіянажы.
 ,  2025
Аляксандр Бэлан, верасень 2025 годаФота: Alexandru Balan/Facebook/zerkalo

Экс-намесніка начальніка Службы інфармацыі і бяспекі (СІБ) Малдовы Аляксандру Бэлана абвінавачваюць у шпіянажы. Паводле інфармацыі з ягонай крымінальнай справы, высокапастаўлены малдаўскі сілавік знаходзіўся ў аператыўным кантакце з афіцэрам КДБ Беларусі, піша Digi24. Цяпер яго судзяць па справе аб шпіянажы.

Паводле інфармацыі, якая змяшчаецца ў справе, былы намеснік кіраўніка СІБ Малдовы знаходзіўся ў аператыўным кантакце з афіцэрам беларускага КДБ Уладзімірам Варажбітавым. Гэты агент карыстаўся падтрымкай трох іншых афіцэраў КДБ і раней удзельнічаў у кіраўніцтве іншым шпіёнам, Уладзімірам Наджэйкам, які дзейнічаў на тэрыторыі Польшчы.

Зносіны вяліся з дапамогай «чарнавікоў» у адной электроннай скрыні. Гэта просты і эфектыўны метад – удзельнікі сумесна заходзілі ў адну і тую ж паштовую скрыню і складалі паведамленні ў тэчцы «Чарнавікі», не адпраўляючы іх фактычна.

Паводле судовых крыніц, доступ да аднаго з электронных адрасоў Бэлана, alvlapow@gmail.com, быў атрыманы і выдалены з IP-адрасу ў Беларусі. Гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як румынскія ўлады затрымалі малдаўскага шпіёна і яго асоба стала вядома грамадскасці, адзначае выданне.

Па інфармацыі яго крыніц, той жа паштовы акаўнт, якім карыстаўся Бэлан, быў падлучаны да тэлефона Blackview, знойдзенага падчас ператрусу ў ягоным доме. Прылада было схавана ў «торбе Фарадэя» (яна блакуе электрамагнітныя сігналы і прадухіляе аддалены доступ да электронных прылад, змешчаных унутр).

У той жа торбе знаходзілася флэшка Kingston на 32 ГБ, якая выкарыстоўвалася падчас шыфравання файлаў з дапамогай прыкладання VeraCrypt.

Паводле інфармацыі выдання, у абвінавачанні Бэлана пазначана, што ў ліпені 2025 года ў тэчцы «Чарнавікі» іншай паштовай скрыні была выяўленая серыя паведамленняў, напісаных на рускай мове. Гэтыя звесткі з'явіліся пасля сустрэчы, якая адбылася ў красавіку таго ж года ў Будапешце, у апартаментах Nova City, паміж Бэланам і афіцэрамі КДБ Беларусі.

Пасля паездкі ў венгерскую сталіцу ён пісаў паведамленні ў форме навін, складзеных пасля ўстанаўлення кантактаў з крыніцамі інфармацыі. Іншымі словамі, былы высокапастаўлены супрацоўнік малдаўскай разведкі сістэматычна дакладваў у пісьмовай форме беларускім разведчыкам, адзначае Digi24.

У канцы мінулага тыдня Аляксандру Бэлан паўстаў перад румынскім судом па афіцыйным абвінавачанні ў спробе дзяржаўнай здрады шляхам бесперапыннай перадачы сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі і разгалошванні сакрэту, які пагражае нацыянальнай бяспецы.

Нагадаем, у верасні 2025-га Служба бяспекі Чэхіі (BIS) паведаміла, што сумесна з разведкамі Румыніі і Венгрыі паспяхова «раскрыла і разбурыла» беларускую шпіёнскую сетку, якая дзейнічала ў Еўропе. У сувязі з гэтым Міністэрства замежных спраў абʼявіла персонай нон грата беларускага «разведчыка, які працаваў у краіне пад прыкрыццём дыпламата».

Люстэрка/ав