Беларуская Служба

У Беларусі плануюць увесці абавязковае чыпаванне хатніх жывёл

04.03.2026 17:13
Паводле даных на 1 кастрычніка 2025 года, у краіне адлоўлена 20 025 безнаглядных жывёл. 
 .
Ілюстрацыйны здымак. Vizslafotozas/pixabay.com/CC0

Пры гэтым абмежаванні па колькасці сабак і катоў на прыватных тэрыторыях вырашылі прыбраць з праекта паправак у закон «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, падрыхтаваных па даручэнні Савета Міністраў. Дакумент ёсць у распараджэнні рэдакцыі Еўрарадыё, ён атрыманы ад арганізацыі BELPOL.

Паводле даных на 1 кастрычніка 2025 года, у краіне адлоўлена 20 025 безнаглядных жывёл. Цяпер працуюць 55 пунктаў часовага ўтрымання, дзе прадугледжана 1431 месца для размяшчэння адлоўленых сабак і катоў. Пры гэтым большасць такіх жывёл – былыя хатнія гадаванцы або непажаданы прыплод, ад якога пазбавіліся ўладальнікі.

Цяпер згодна з законам «Аб адказным абыходжанні з жывёламі» чыпаванне з’яўляецца правам, а не абавязкам уладальніка. Абавязковай гэтая працэдура з’яўляецца толькі для заводчыкаў і ўладальнікаў гадавальнікаў – яны павінны чыпаваць шчанюкоў і кацянят да іх продажу.

Аднак усе аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам падтрымалі прапанову зрабіць чыпаванне абавязковым для ўсіх жывёл-кампаньёнаў – то-бок хатніх сабак і катоў.

Як адзначаецца ў дакуменце, абавязковае чыпаванне дазволіць хутчэй знаходзіць уладальнікаў згубленых жывёл і вяртаць ім гадаванцаў. Акрамя таго, гэта дасць магчымасць прыцягваць да адказнасці тых, хто выкідвае жывёл.
Чыпаванне таксама дапаможа стварыць адзіны ўлік хатніх жывёл. Гэта спросціць кантроль за рэгістрацыяй сабак і катоў, іх вакцынацыяй супраць шаленства, выключыць падмену жывёл і палегчыць вырашэнне спрэчак пра тое, каму належыць гадаванец.

Еўрарадыё/ав