Мінскі гарадскі суд 4 сакавіка прысудзіў музыканту, даследчыку і радыёвядучаму Алегу Хаменку тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф больш за 20 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле абвінавачання, падставай для справы стала пастаяннае супрацоўніцтва Хаменкі з Беларускім Радыё Рацыя. На экспертызу, у прыватнасці, накіроўвалі выпускі яго музычных праграм.
Музыканта затрымалі ў Мінску 17 чэрвеня 2025 года пасля ператрусу ў кватэры. Спачатку яго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна па адміністрацыйным абвінавачанні, а пазней перавялі ў СІЗА №1 у Калядзічах у межах крымінальнай справы.
9 ліпеня 2025 года праваабаронцы прызналі Хаменку палітычным зняволеным. Ён вядомы як лідар гурта «Палац» і рупліўца беларускай музыкі, стваральнік кірунку фолк-мадэрн.
эж