У Беларусь у 2025 годзе паступіла 15,835 мільярда долараў замежных інвестыцыяў, годам раней гэты паказнік складаў 12,376 мільярда, пра гэта сведчаць дадзеныя «Белстата» (Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі), якія прыводзіць «Свабода».
Паводле афіцыйнай статыстыкі, 11,339 мільярда долараў складаюць прамыя інвестыцыі, яшчэ 4,348 мільярда – іншыя формы ўкладанняў. Амаль палова ўсіх інвестыцыяў канцэнтруецца ў Мінску – 7,085 мільярда долараў, на другім месцы Мінская вобласць з 3,807 мільярда. Рэгіёны атрымліваюць значна меншыя сумы.
Сярод асноўных краін-інвестараў называюцца Расія, Кіпр, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Кітай. Пры гэтым амаль 5 мільярдаў долараў інвестыцыяў прыпадае на Расію. Частка гэтых сродкаў – гэта ўнутрыкарпаратыўныя крэдыты або фінансавая падтрымка даччыных структураў, а не новыя інвестыцыйныя праекты.
У статыстыцы таксама значнае месца займае Кіпр (2,525 мільярда долараў), які часта выкарыстоўваецца як афшорная юрысдыкцыя. У такіх выпадках грошы могуць паходзіць з Беларусі або іншых краін, праходзіць праз замежныя структуры і вяртацца ў краіну ўжо як «замежныя інвестыцыі».
Пры гэтым інвестыцыі з заходніх краін выглядаюць значна больш сціпла:
• Германія – 411 мільёнаў долараў,
• Нідэрланды – 336 мільёнаў,
• Вялікабрытанія – 286 мільёнаў,
• ЗША – 247 мільёнаў.
На думку аналітыкаў, нягледзячы на рост лічбаў у статыстыцы, рэальнага інвестыцыйнага буму ў Беларусі пакуль не назіраецца. На структуру інвестыцыяў уплываюць палітычныя рызыкі, санкцыі і абмежаваны доступ да міжнародных фінансавых рынкаў.
аз