Мінскі гарадскі суд вынес завочныя прысуды пяцярым беларускім добраахвотнікам палка імя Кастуся Каліноўскага, якія ваявалі на баку Украіны. Ім прызначылі ад 12 да 25 гадоў пазбаўлення свабоды. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», на які спасылаецца «Белсат».
Паводле дадзеных праваабаронцаў, фігурантаў прызналі вінаватымі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса – сярод іх удзел ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы, стварэнне «злачыннай» і «экстрэмісцкай» арганізацыяў і ўдзел у іх, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, удзел у тэрарыстычнай арганізацыі і падрыхтоўка да акту тэрарызму.
Самыя вялікія тэрміны – па 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму – атрымалі былыя камандзіры падраздзялення.
Былому камандзіру Дзянісу Прохараву прысудзілі 25 гадоў калоніі з адбываннем першых пяці гадоў у турме і штраф у 700 базавых велічынь.
Такі ж тэрмін – 25 гадоў калоніі з першымі пяццю гадамі ў турме – прызначаны былому камандзіру палка Паўлу Шурмею. Яму таксама прызначылі штраф у 2 тыс. базавых велічынь.
Былы намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук таксама завочна атрымаў 25 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з першымі пяццю гадамі ў турме і штраф у 700 базавых велічынь. Акрамя таго, суд пазбавіў яго воінскага звання старшага лейтэнанта запасу.
Інструктару падраздзялення Аляксею Назараву прызначылі 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 700 базавых велічынь.
Баец палка Аляксей Кавальчук атрымаў 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 500 базавых велічынь.
Полк імя Кастуся Каліноўскага – падраздзяленне, сфармаванае з беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі. У Беларусі яго прызналі «тэрарыстычнай арганізацыяй», а ўдзел у ім улады кваліфікуюць як крымінальнае злачынства.
вс