Афіцыйны Мінск не бачыць рэакцыі заходніх краін на вызваленне палітвязняў, вынікае з заявы міністра замежных справаў Максіма Рыжанкова 9 сакавіка на дзяржаўным тэлебачанні.
— Вы хацелі, каб нейкія людзі, якія ледзь не прывялі да калапсу сітуацыю ў нашай краіне, выйшлі на волю. Іх вось выпусцілі. Дзе ваша рэакцыя на гэтыя гуманітарныя крокі прэзідэнта? — сказаў міністар Максім Рыжанкоў. — Вы кажаце [Мінску зрабіць] нешта яшчэ. Ну, хлопцы, так не бывае. І, акрамя таго, калі гэтая супраца будзе ці павінна насіць узаемавыгадны характар, то давайце разам крокі нейкія рабіць. Не бывае толькі вось гэтая мантра: вы павінны, вы павінны, вы павінны. Ну, у рэшце, ніхто нікому не павінен.
Свабода нагадвае, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў дазавана выпускаць палітвязняў у сярэдзіне 2024 года. Частку вызвалілі на падставе ўказаў (апошні раз – 5 сакавіка), частку — па выніках перамоваў з прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
Апошніх, як правіла, адразу высылаюць з краіны; выключэнне — Мікалай Статкевіч, які адмовіўся выязджаць, і якога пазней вызвалілі. Пасля двух такіх кантактаў амерыканскія ўлады знялі санкцыі з авіякампаніі «Белавія» і прадпрыемства «Беларуськалій». Пры гэтым Дональд Трамп ужо тройчы заяўляў пра неабходнасць вызваліць усіх «закладнікаў» у Беларусі, як ён называе палітвязняў.
У той самы час беларускія праваабаронцы рэгулярна прызнаюць палітвязнямі новых людзей, якія трапляюць пад пераслед з боку ўладаў. Цяпер у такім статусе знаходзіцца больш за 1000 чалавек (аднак тых, хто зазнаў палітычныя рэпрэсіі ў той ці іншай форме, можа быць значна больш).
Свабода/ав