Палітык і былы палітвязень Павал Севярынец, які быў абраны старшынём аргкамітэту ў справе святкавання Дня Волі, у эфіры «Студыі «Белсат» падзяліўся планамі датычна адзначэння 108-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Павал Севярынец падкрэсліў, што аргкамітэт не кіруе арганізацыяй святкавання, а дапамагае беларусам і каардынуе іх дзеянні дзеля супольнага адзначэння. Паводле яго, аргкамітэт звязаўся з актывістамі ў розных мясцовасцях больш як у 30 краінах, якія плануюць святкаваць Дзень Волі.
— Гэта дзень, які з'яўляецца цэнтральным беларускім днём і для беларусаў за мяжой, і для беларусаў у самой Беларусі. І таму выйсці на свята ў гэты дзень будзе пэўным паказнікам агулам беларускага руху. Сёлетняя вясна натхняльная шмат у чым. Хістаюцца тыранічныя рэжымы ў свеце, вызваленне палітвязняў ідзе плынь за плынню. І ёсць пэўная надзея, — падкрэсліў палітык.
Паводле яго, плануецца правесці сотні акцыяў у розных гарадах і краінах. Яны будуць ладзіцца ў самых розных фарматах: шэсці, канцэрты, мітынгі, аўтапрабегі, гульні, культурніцкія імпрэзы. Усё гэта плануецца звесці ў адзіную афішу, каб інфармаваць грамадства.
Найбуйнейшыя акцыі ўзгадняюцца цяпер з прадстаўнікамі мясцовых уладаў у найбуйнейшых гарадах з беларускай прысутнасцю. Паколькі 25 сакавіка выпадае сёлета на сераду, то святкаванні пачнуцца раней. Гэтак, 21 сакавіка запланаваная буйная акцыя ў Беластоку, 25-га — у Вільні, 28-га — у Варшаве.
— Такім чынам, мы маем не Дзень Волі, а цэлы Тыдзень Волі. І шмат мерапрыемстваў унутры гэтага тыдня будуць проста рассыпаныя, будуць няспыннай нагодай гэтага Тыдня Волі, — сказаў кіраўнік аргкамітэту.
Белсат/ав