Беларуская Служба

Украіна прапануе Польшчы, Фінляндыі і краінам Балтыі цалкам адмовіцца ад гандлю з Расіяй і Беларуссю

11.03.2026 12:45
Паводле Вярхоўнай Рады Украіны, увядзенне поўнага гандлёвага эмбарга ўзмоцніць эканамічны ціску на дзяржавы-агрэсары.
Украінскі сцягPixabay.com/jorono/CC0 Creative Commons

Вярхоўная Рада Украіны вырашыла звярнуцца да ўрадаў Польшчы, Фінляндыі і краін Балтыі адносна поўнай забароны гандлю з Расіяй і Беларуссю. У апублікаваным 11 сакавіка звароце Рада выказвае падзяку Польшчы, Фінляндыі, Літве, Латвіі і Эстоніі за ўсебаковую падтрымку Украіны ў супрацьдзеянні агрэсіі Расійскай Федэрацыі.

Адначасова члены Рады падкрэсліваюць, што, нягледзячы на ўведзеныя санкцыі, гандаль Еўрапейскага Саюза з Расіяй і Беларуссю працягвае заставацца значнай крыніцай даходу для гэтых рэжымаў, што спрыяе фінансаванню іх ваенна-прамысловых комплексаў.

Так, у прыватнасці, латвійскія статыстычныя органы падлічылі, што за першыя 9 месяцаў 2024 года Расія працягвала займаць пятае месца сярод найважнейшых знешнегандлёвых партнёраў Латвіі. За першыя дзесяць месяцаў 2025 года Латвія экспартавала тавараў у Расійскую Федэрацыю і Беларусь на агульную суму 941,522 мільёна еўра.

Паводле звестак Статыстычнай службы Еўрапейскага Саюза, імпарт угнаенняў з Расіі ў Польшчу ў 2024 годзе павялічыўся амаль на 130% у параўнанні з 2022 годам.
Таксама за 11 месяцаў 2024 года ЕС прадаў Беларусі тавараў на 6,63 мільярда еўра і набыў беларускіх тавараў на 1,235 мільярда.

Паводле дадзеных, на якія спасылаецца Рада, найбуйнейшымі пакупнікамі беларускіх тавараў былі: Польшча – 436,4 мільёна еўра; Літва – 188,8 мільёна еўра; Латвія – 177,5 мільёна еўра; Германія – 145,47 млн еўра. У сваю чаргу, найбольш Беларусь імпартавала з Польшчы (2,07 млрд еўра).

У сувязі з гэтым украінскі парламент заклікае ўрады вышэйзгаданых дзяржаў разгледзець магчымасць ініцыявання поўнай забароны экспартна-імпартных аперацый для юрыдычных асоб, у тым ліку гандлю і транзітнага перамяшчэння тавараў, з Расійскай Федэрацыяй і Беларуссю, а таксама заручыцца падтрымкай Еўрапейскага Саюза для ўвядзення адпаведных абмежаванняў у наступных пакетах санкцый.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што ўвядзенне поўнага гандлёвага эмбарга на ўсходніх межах ЕС стане важным крокам ва ўзмацненні эканамічнага ціску на дзяржавы-агрэсары і будзе спрыяць умацаванню бяспекі як Украіны, так і ўсёй Еўропы.

аз

У Літве заявілі аб узмацненні інфармацыйнага ціску з боку Беларусі

11.03.2026 10:32
Гэта робіцца для таго, каб прадэманстраваць, што палітыка літоўскіх уладаў датычна Беларусі негатыўна адбіваецца на самой Літве.