Беларуская Служба

МПЗ: Больш за 7,7 тысячы беларусаў дэкларавалі звышпрыбыткі

11.03.2026 16:45
Больш за 60% пададзеных дэкларацыяў былі звязаныя з даходамі з-за мяжы, пераважна з краінаў СНД, паведамілі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.
 .
Ілюстрацыйны здымак.stevepb/pixabay.com/CC0

У Беларусі каля 7,7 тысячы чалавек падалі падатковыя дэкларацыі ў сувязі з атрыманнем звышпрыбыткаў. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Андрэй Кавалеўскі на прэс-канферэнцыі 10 сакавіка, паведамляе «Белсат».

Усяго беларусы падалі каля 47 тысячаў падатковых дэкларацыяў за 2024 год. Менавіта ў гэтай кампаніі ўпершыню ўжывалася падвышаная стаўка падаходнага падатку — 25% для даходаў звыш 200 тысячаў рублёў.

Каля 75% грамадзянаў, чый сукупны даход за год перавысіў 200 тысяч рублёў, пражываюць у Мінску і Мінскай вобласці.

Максімальны задэклараваны даход прадстаўнік Міністэрства падаткаў і збораў не назваў, спаслаўшыся на падатковую таямніцу.

Ён нагадаў, што абавязак падаваць дэкларацыю распаўсюджваецца на грамадзянаў, якія атрымліваюць адзін або некалькі відаў даходаў, агульная сума якіх перавышае вызначаны парог.

— Асобы, якія атрымліваюць альбо паасобку, альбо ў сукупнасці тры віды даходу, агульная сума якіх перавысіла 220 тысяч беларускіх рублёў, абавязаныя падаць падатковую дэкларацыю, — сказаў чыноўнік.

Паводле ягоных словаў, гаворка ідзе аб даходах паводле працоўных дагавораў, выплатах паводле грамадзянска-прававых дагавораў. Напрыклад, за выкананне работ, наданне паслуг або стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, а таксама аб дывідэндах.

Кавалеўскі таксама паведаміў, што больш за 60 % пададзеных дэкларацыяў былі звязаныя з даходамі з-за мяжы, пераважна з краінаў СНД.

Нагадаем, падаць дэкларацыю за даходы, атрыманыя ў 2025 годзе, неабходна да 31 сакавіка 2026 года, а выплаціць падатак — не пазней за 1 чэрвеня.

З 1 студзеня ў Беларусі дзейнічаць новыя стаўкі падаходнага падатку для высокіх даходаў. Для даходаў да 350 тысяч рублёў захоўваецца базавая стаўка 13%, для даходаў ад 350 тысяч да 600 тысяч рублёў ужываецца стаўка 25%, а для даходаў звыш 600 тысяч рублёў — 30%. Паводле гэтых ставак беларусы будуць плаціць падатак пры дэклараванні даходаў за 2026 год.

аз

Рост рэальных даходаў беларусаў запавольваецца тры месяцы запар

17.02.2026 14:34
Белстат паведаміў, што ў 2025 годзе рэальныя даходы беларусаў выраслі на 9,6% у параўнанні з 2024-м. Гэты паказнік змяншаецца ўжо тры месяцы запар.