Беларуская Служба

Бяляцкі ў Жэневе заклікаў далей трымаць Беларусь у фокусе міжнароднай увагі

12.03.2026 11:19
Ён удзельнічаў у сустрэчах падчас сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе.
    2025
Алесь Бяляцкі ў снежні 2025 года неўзабаве пасля вызваленняFoto: Крыніца: YouTube/screen

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі здзейсніў свой першы замежны візіт пасля вызвалення. Ён удзельнічаў у сустрэчах падчас сесіі Рады правоў чалавека ААН у Жэневе.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна», старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі 11 сакавіка ў Жэневе выступіў у дыскусіі на палях сесіі «Дайце голас ахвярам: сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі».

Арганізатарамі сталі пастаянныя прадстаўніцтвы Літвы, Нарвегіі, Польшчы і Швецыі пры ААН. У сустрэчы ўзялі ўдзел палітыкі, паслы, праваабаронцы і былыя палітзняволеныя. Мадэратарам сустрэчы быў Віціс Юрконіс з Freedom House.

Мэтай сустрэчы было прыцягнуць увагу да сістэматычных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскай супольнасці. Гаварылі пра важнасць падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці ў яе барацьбе за свабоду і вяршэнства права.

Адной з цэнтральных тэмаў сустрэчы стала патрэба ў працягу мандатаў спецыяльнага дакладчыка і групы незалежных экспертаў, бо міжнародны маніторынг і трывалы следчы мандат застаюцца важнымі для фіксацыі парушэнняў і забеспячэння справядлівасці для ахвяраў, — паведаміла «Вясна».

— Гэта мой першы міжнародны візіт. У дыскусіі на палях сесіі я падкрэсліў, што Беларусі патрэбныя і група незалежных экспертаў у сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і спецыяльны дакладчык па Беларусі. Нават у часы шматлікіх крызісаў у свеце Беларусі важна заставацца ў фокусе міжнароднай увагі, бо сітуацыя з правамі чалавека ў краіне пагаршаецца. Кожны дзень мы фіксуем усё новыя выпадкі палітычных рэпрэсіяў, з’яўляецца ўсё больш палітвязьняў. Таму важна сістэматычна працягваць працу на міжнародным узроўні — у тым ліку дакументаваць усе парушэнні, каб далей гэта магло прыдасца ў прыцягненні вінаватых да адказнасці, — заявіў сярод іншага Алесь Бяляцкі, словы якога цытуе Радыё «Свабода».

вс