Беларуская Служба

Урад Беларусі заявіў аб дасягненні гістарычнага рэкорду ў экспарце турпаслуг

12.03.2026 19:01
Паводле Савета міністраў, па выніках 2025 года, вырас таксама ўнутраны турызм.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:tookapic/pixabay.com/CC0 Public Domain

У 2025 годзе дасягнуты «найбольшы за ўсю гісторыю Беларусі» аб’ём экспарту турыстычных паслуг — больш за 392 млн долараў, што на 46% вышэй за ўзровень 2024 года, паведаміла прэс-служба Савета міністраў, якую цытуе «Позірк».

Адзначаецца, што колькасць арганізаваных беларускіх турыстаў і экскурсантаў, якія вандруюць унутры краіны, павялічылася амаль у 4 разы ў параўнанні з 2020 годам і склала 2 млн 212 тыс. (1 млн 726 тыс. у 2024 годзе).
Колькасць паездак замежных грамадзян у Беларусь павялічылася на 13,6% да 7,51 млн.

Колькасць гасцініц вырасла на 6,5% і дасягнула 1.167, нумарны фонд павялічыўся на 3,6% да 42.525 нумароў.
Дасягнутыя вынікі, лічыць урад, «пашыраюць магчымасці для падарожжаў па краіне, павышаюць даступнасць адпачынку для грамадзян і міжнародную прывабнасць Беларусі».

16 снежня 2025 года дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч паведаміла, што са студзеня па кастрычнік 2025 года экспарт турыстычных паслуг павялічыўся на 44,2% у параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года.

Па выніках 2024 года ўлады чакалі, што экспарт турпаслуг дасягне 270 млн долараў.

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 10 верасня 2025 года «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы турызму», вызначаны «галоўныя задачы на найбліжэйшую пяцігодку«: «павышэнне ўнёску турызму ў эканоміку краіны амаль у два разы», «дасягненне яго долі ў ВУП не менш за 4,5% у 2030 годзе».

аз