12 сакавіка старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Фолькерам Цюркам.
Сустрэча адбылася ў Жэневе ў межах 61-й сесіі Савета ААН па правах чалавека, падчас якой Бяляцкі таксама ўзяў удзел у сайд-івэнце «Дайце голас ахвярам: сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі«. Гэта першы міжнародны візіт праваабаронцы пасля ягонага вызвалення, нагадвае «Вясна». У сустрэчы таксама ўдзельнічаў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.
— Падчас майго зняволення Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН выступіла са зваротам з патрабаваннем майго вызвалення, — пракаментаваў Алесь Бяляцкі сустрэчу з Фолькерам Цюркам. — Я падзякаваў за гэта і папрасіў прыкласці намаганні для вызвалення іншых палітвязняў, якія цяпер знаходзяцца ў турмах.
Галоўным фокусам сустрэчы з Фолькерам Цюркам стала сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку — становішча палітвязняў і роля міжнародных механізмаў у абароне фундаментальных правоў і свабодаў.
Алесь Бяляцкі распавёў Вярхоўнаму камісару пра апошнія выпадкі палітычных прысудаў у Беларусі і папрасіў звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто знаходзіцца за кратамі ў асаблівай рызыцы: хворых людзей, пенсіянераў, жанчын.
У размове праваабаронца нагадаў пра неабходнасць пастаяннай увагі міжнароднай супольнасці да жахлівай сітуацыі ў краіне. Таксама старшыня «Вясны» паведаміў, што далучаецца да міжнароднай ініцыятывы «People First».
аз