Беларуская Служба

«Тры «так» і тры «не» — рэкамендацыі для камунікацыі журналістаў з палітзняволенымі

17.03.2026 16:40
Бяспека чалавека і ягоных блізкіх павінныя стаяць над журналісцкім і палітычным інтарэсам, гаворыцца ў рэкамендацыях. 
   2014     .
Алесь Бяляцкі ў 2014 годзе быў госцем Польскага радыё. Фота: Wojciech Kusiński/Polskie Radio

Фонд «21 мая», Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва і Аб’яднанне сваякоў колішніх палітвязняў распрацавалі спіс рэкамендацый для камунікацыі журналістаў з палітзняволенымі — «Тры «так» і тры «не». Этыка ўзаемадзеяння і мовы пра палітвязняў», паведамляе БАЖ.

Рэкамендацыі закліканыя дапамагчы асвятляць тэму палітзняволеных беражліва і складаліся экспертамі і былымі вязнямі з улікам міжнародных журналісцкіх і праваабарончых стандартаў, запэўніваюць аўтары дакумента.

Тры «так» — гэта бяспека, кантроль, інфармаваная згода. Гэтыя прынцыпы мусяць служыць абароне годнасці, аўтаноміі і бяспекі чалавека, які перажыў зняволенне. Тры «не», вызначаныя з мэтай пазбягання шкоды — інструменталізацыя, рэтраўматызацыя, абясцэньванне і віктымізацыя.

Бяспека чалавека і ягоных блізкіх павінныя стаяць над журналісцкім і палітычным інтарэсам, гаворыцца ў рэкамендацыях. Трэба заўсёды сыходзіць з таго, што ўдзел чалавека ў публічнай прасторы можа стварыць новыя рызыкі для яго і ягонай сям’і, асабліва калі тая застаецца ў Беларусі. Калі такія рызыкі істотныя, але чалавек хоча даць інтэрв’ю, трэба прапанаваць яму меры бяспекі: ананімнасць, псеўданім, змяненне дэталяў. Не трэба распытваць пра чуткі пра іншых вязняў, каналы падтрымкі, сумы дапамогі — усё тое, што можа нашкодзіць тым, хто яшчэ застаецца ў зняволенні.

Былому палітзняволенаму варта прадставіць максімальны кантроль над сваёй гісторыяй і спосабам яе падавання. Рэкамендуецца даць чалавеку «перыяд цішыні» — мінімум 72 гадзіны для адпачынку, адаптацыі і ўз’яднання з сям’ёй.

Палітвязень павінен мець права на адмову. Ён мусіць ведаць, што можа адмовіцца адказаць на любое пытанне, спыніць інтэрв’ю ці папрасіць выдаліць апублікаваны матэрыял, асабліва, калі гэта былі словы, сказаныя ў першыя гадзіны на свабодзе.

— Не забывайцеся, вызваленыя палітвязні – гэта людзі, якія шмат гадоў не мелі магчымасці сказаць «не». Улічвайце гэта, калі з заключэння яны адразу трапляюць на свабоду: перад тварам журналістаў, настойлівых палітыкаў і блогераў яны таксама могуць не мець маральных сілаў сказаць «не», — зазначаецца ў рэкамендацыях.

Арганізацыі, якія склалі дакумент, заклікаюць успрымаць былога палітвязня як партнёра, а не як аб’ект гісторыі, дазволіць яму пераглядзець цытаты ці вырашыць, якія фотаздымкі ці відэаматэрыялы будуць выкарыстаныя.

Палітвязень павінен даць дабравольную, усвядомленую і заснаваную на поўным веданні наступстваў згоду. Журналіст мусіць назвацца, назваць СМІ і паведаміць, ці мае яно «экстрэмісцкі» статус.

Не трэба ўцягваць людзей з першых дзён на волі ў палітычныя сустрэчы ці прасоўванне цяжкіх павестак (санкцыі, стратэгіі).

Важна пазбягаць рызык рэтраўматызацыі палітвязняў. Не трэба акцэнтаваць увагу на фізічных ці псіхалагічных дэталях зняволення, рабіць шакуючыя загалоўкі («У турме гвалтуюць! Мяне кінулі ў петушатню»).

— Пазбягайце пытанняў пра прашэнні аб памілаванні ці параўнання з іншымі, «больш смелымі і годнымі палітвязнямі — усё гэта можа выклікаць дадатковыя сорам і пачуццё віны, — гаворыцца ў дакуменце.

Асобна аўтары рэкамендацый падкрэсліваюць: факусуйцеся на сістэмным характары рэпрэсій і парушэннях правоў, а не на дэталізацыі катаванняў. Задавайце пытанні пра сістэму, пастарайцеся будаваць гутарку так, каб чалавеку не даводзілася рэгулярна цягам некалькіх дзён у фарбах пераказваць дэталі яго прыніжэння, фізічнага гвалту і болю, які яму прычынілі.

Таксама важна пазбягаць ацэнак кшталту «яго зламалі», «турма робіць людзей горш», «ахвяра».

На думку складальнікаў рэкамендацый, не трэба «канцэнтравацца толькі на негатыўным фрэймінгу факту вызваленняў», рабіць акцэнт на «прымусовай гвалтоўнай дэпартацыі», пісаць — «які сэнс, калі месца зоймуць іншыя».

— Адсутнасць балансу ў ацэнках негатыўна ўплывае на рэакцыі і ўцягнутасць міжнародных партнёраў у вызваленне палітвязняў, а таксама выклікае пачуцце віны ў палітвязняў, ствараючы хлуслівае адчуванне, нібыта іншых пасадзілі, таму што яны вызвалілі месца, — гаворыцца ў дакуменце.

— Мне падалося, што ў некаторых рэкамендацыях у нас хочуць адабраць штосьці журналісцкае, — падзялілася з БАЖ сваім меркаваннем пра спіс парад для камунікацыі паміж журналістамі і палітвязнямі рэдактарка «Медыязоны».

яс