Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі з нагоды 50-годдзя Еўрапейскай народнай партыі ў Бруселі. Падчас мерапрыемства кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета правяла кароткія размовы са старшынёй EPP Манфрэдам Вэберам, старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен, прэзідэнткай Еўрапарламента Рабертай Мецолай і прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.
Еўрапейская народная партыя — найбуйнейшая правацэнтрысцкая палітычная сіла ў ЕС, якая аб’ядноўвае больш за 80 партыяў і фармуе найбуйнейшую фракцыю ў Еўрапарламенце. Яна адыгрывае ключавую ролю ў прыняцці рашэнняў у Еўрапейскім Саюзе і паслядоўна падтрымлівае Украіну, бяспеку і дэмакратыю.
— Такія сустрэчы асабліва важныя, бо дазваляюць трымаць Беларусь у фокусе міжнароднай увагі нават на фоне іншых глабальных крызісаў. Галоўныя тэмы размоваў — праца над гуманітарным трэкам вызвалення палітвязняў, пошук шляхоў поўнага спынення рэпрэсіяў і набліжэння пераменаў, расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці і падтрымка беларускіх медыя. Канешне, цяпер у цэнтры ўвагі Іран і падзеі на Блізкім Усходзе, але мы робім усё магчымае, каб Беларусь заставалася на парадку дня, — заявіла Святлана Ціханоўская.
Сярод партнёраў EPP — беларускія дэмакратычныя партыі: АГП, Рух «За Свабоду» і БХД. Гэтае супрацоўніцтва застаецца важным элементам міжнароднай падтрымкі Беларусі і яе еўрапейскай будучыні.
Святлана Ціханоўская заклікала працягваць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, пакуль у Беларусі не адбудуцца «рэальныя змены».
— Санкцыі працуюць. <…> Мы вітаем гуманітарныя намаганні ЗША па вызваленні людзей. Гэта першы крок да спынення тэрору і вызвалення краіны, — падкрэсліла дэмлідар. Паводле яе, «формула простая: санкцыі ЗША — каб вызваліць людзей, еўрапейскія санкцыі — каб вызваліць краіну».
Ціханоўская заклікала «працягваць і нарошчваць падтрымку беларускага народа», таму што «гэта таксама інвестыцыя ў еўрапейскую бяспеку».
Офіс С. Ціханоўскай
нг