Беларуская Служба

Чарговыя палітвязні выходзяць на свабоду. Між іншым, Кацярына Андрэева

19.03.2026 15:05
Палітвязняў вызвалілі ў дзень прыезду ў Беларусь чарговай амерыканскай дэлегацыі.
Журналістка Кацярына Андрэевафота: «Белсат»

Журналістка Кацярына Андрэева выйшла на свабоду. Кацярына знаходзілася за кратамі з 2020 года — калі пайшла асвятляць Марш памяці забітага Рамана Бандарэнкі. Яе самаахвярны муж Ігар Ільяш адмаўляўся з'язджаць з Беларусі, пакуль жонка за кратамі. Цяпер за кратамі ён сам.

Кацярыну Андрэеву (па пашпарце Бахвалава) арыштавалі ў лістападзе 2020 года. Яна не вярнулася дадому з Плошчы Пераменаў, адкуль вяла для «Белсата» жывы эфір. Андрэеву і аператарку Дар'ю Чульцову пусцілі да сябе на балкон жыхары дома, аднак сілавікі ўзялі штурмам кватэру. На дзяўчат завялі крымінальную справу і прысудзілі па 2 гады зняволення за «ўдзел» у пратэстах.

Аднак калі Дар'я Чульцова выйшла па сканчэнні тэрміну, то на Кацярыну Андрэеву завялі новую крыміналку — за «здраду дзяржаве». Агулам журналістка атрымала 8 гадоў і 3 месяцы зняволення.

Тым часам Кацярыну дома чакаў муж Ігар Ільяш, ён таксама журналіст. Ігара затрымалі ў ліпені 2021 года, аднак праз 10 сутак Акрэсціна адпусцілі і пакінулі ў статусе падазраванага па справе аб нібыта ўдзеле ў пратэстах.

Ігар Ільяш вырашыў заставацца ў Беларусі, каб мець больш магчымасцяў падтрымліваць Кацярыну і прыязджаць да яе на спатканні. Ён спыніў публічную журналісцкую працу.

У кастрычніку 2024 года стала вядома, што Ігар зноў затрыманы. Яго арыштавалі за інтэрв'ю незалежным медыя пра Кацярыну — гэта «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», а таксама за падрыхтаваныя аналітычныя справаздачы — гэта «дыскрэдытацыя Беларусі».

Ігару Ільяшу ў верасні 2025 года прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі.

Кацярына Андрэева (Бахвалава) нарадзілася ў 1993 годзе. Пасля школы паступіла ў МДЛУ, але на трэцім курсе з’ехала валанцёркай у Іспанію, дзе правяла два гады. Пасля вяртання на радзіму вырашыла працягнуць сямейную дынастыю і заняцца журналістыкай. Яе дзядуля — вядомы журналіст Сяргей Ваганаў. Працавала на «Радыё Свабода», на «Белсаце».

Крыніца: Наша Ніва

нг