Беларуская Служба

Памілаваныя палітвязні пачалі выходзіць з-за кратаў

20.03.2026 17:34
Раней паведамлялася, што ніхто з 235 палітвязняў, якія былі памілаваныя і засталіся ў Беларусі, на свабоду не выйшаў.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Shutterstock/Fanni_2021

Палітвязні, якія былі памілаваныя 19 сакавіка і засталіся ў Беларусі, пачалі выходзіць з-за кратаў. Пра гэта паведамляе праваабарончая ініцыятыва Dissidentby і дарадчык Святланы Ціханоўскай.

«Паступаюць першыя звесткі таго, што людзі са спісу пачалі выходзіць з калоніяў у Беларусі», – піша Dissidentby.

Раней ініцыятыва падкрэслівала, што ніхто з 235 палітвязняў, якія былі памілаваныя і засталіся ў Беларусі, на свабоду не выйшаў, паведамляе «Белсат».

«Вызваленні 235 нашых герояў будуць адбывацца як сёння, гэтак таксама і заўтра. Я застаюся ў сталым кантакце з нашымі амерыканскімі партнёрамі. Каманда ОСЦ і АПК разам з Воляй Зазулінскай і штабам, а таксама, вядома, беларускімі праваабаронцамі, будуць адсочваць сітуацыю», – паведаміў журналістам дарадчык лідаркі дэмсілаў Беларусі Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

19 сакавіка з 250 анулам памілаваных палітвязняў 15 былі вызваленыя і вывезеныя ў Літву. Сярод іх – журналістка Кацярына Андрэева, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова і Наста Лойка.

Усіх іх вывезлі з Беларусі без пашпартоў.

Вызваленне адбылося пры спрыянні ЗША. Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл абвясціў пра зняцце санкцыяў ЗША з «Белінвестбанку», Банку развіцця Беларусі і Міністэрства фінансаў, а таксама выключэнне Беларускай калійнай кампаніі і «Беларуськалію» з усіх санкцыйных спісаў.

вс