Беларусь навучае мігрантаў для барацьбы з еўрапейскімі памежнікамі, заявіў кіраўнік Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі Нормундс Мэжвіетс выданню The Telegraph. Гэта, паводле яго, адбываецца ў спецыяльных лагерах.
— Мы маем інфармацыю, што іх навучаюць (быць больш жорсткімі), — заявіў Мэжвіетс. Між тым, паводле яго, гібрыдныя атакі Беларусі і Расіі робяцца больш адчувальнымі для Латвіі.
Улады Беларусі распрацавалі розныя тактыкі, каб падаграваць напружанасць сярод мігрантаў перад тым, як адпраўляць іх на мяжу з Латвіяй. Паводле Мэжвіетса, гэта могуць быць у тым ліку інфармацыйныя аперацыі. Напрыклад, мігрантам паказвалі відэаролікі з фальшывымі сведчаннямі асобаў, якія нібыта пацярпелі ад дзеянняў «дрэнных, жорсткіх памежнікаў, якія збіваюць, мучаць іх і выганяюць назад».
«Белсат» вывучаў актыўнасць у чатах мігрантаў. З пацяпленнем прапановаў нелегальна перасячы мяжу з ЕС стала больш. Часцяком мігрантам прапануюць маршрут у Германію менавіта праз Латвію.
Толькі за 16 сакавіка латвійскія памежнікі спынілі незаконнае перамяшчэнне з Беларусі ў Латвію 45 мігрантаў.
аз