Як паведамляе Праваабарончы цэнтр "Вясна", у ліпені 2025 года палітзняволенага жыхара "Плошчы Перамен" Сцяпана Латыпава перавялі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калонію № 22 "Воўчыя норы", дзе адразу змясцілі ў штрафны ізалятар, а затым – у памяшканне камернага тыпу. Там Сцяпан парэзаў сабе вены, і там жа яго зашывалі.
У ПКТ палітвязень утрымліваўся ў дрэнных умовах: у камеры не было нават разеткі, кіпень давалі двойчы на дзень. Прыкладна ў верасні 2025 года Сцяпана зноў перавялі ў турму. Сам Сцяпан нібы казаў, што не бачыць сэнсу жыцця і не вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.
Вясна нагадвае, што арбарыста Сцяпана Латыпава затрымалі ў верасні 2020 года каля ягонага дома на "Плошчы Перамен". 16 жніўня 2021 года палітвязня асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту (ч. 1 і 2 арт. 342 КК), "супраціў міліцыянтам" (ч. 2 арт. 363 КК) і "махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры" (ч. 4 арт. 209 КК) на восем гадоў і шэсць месяцаў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму. Палітвязень на судзе не прызнаў віны ні па адным эпізодзе.
нг