Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева накіравала асабісты ліст прэзідэнту Дональду Трампу. Яна дзякуе за намаганні дзеля вызвалення яе і іншых палітвязняў, але просіць працягваць — і вызваліць усіх, у тым ліку ейнага мужа.
Ліст, які перадала журналістка Кацярына Андрэева, выказвае глыбокую ўдзячнасць прэзідэнту Злучаных Штатаў Дональду Трампу, спецыяльнаму пасланніку Джону Коўлу і намесніку памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Крыстафэру Сміту за гуманітарныя намаганні, якія прывялі да вызвалення яе самой і яшчэ 249 беларускіх палітвязняў.
Адначасова Кацярына падкрэслівае, што многія яшчэ застаюцца ў зняволенні.
Цытата з ліста: «Лічу, што гэтая гуманітарная місія мае гістарычнае значэнне. Да вашых перамоваў з Мінскам многія з нас страцілі надзею. Мы адчувалі сябе вечнымі закладнікамі, без яснай будучыні і надзеі на справядлівасць. У чэрвені 2025 года, калі я стала сведкай першых вызваленняў жанчын у межах дамоўленасцяў паміж Вашынгтонам і Мінскам, надзея вярнулася да мяне».
Ліст заклікае да працягу дыпламатычных намаганняў дзеля вызвалення ўсіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Ігара Ільяша.
Белсат/ав