Беларуская Служба

Беларускаму праваабаронцу Раману Кісляку другі раз адмовілі ў прытулку ў Грузіі

28.03.2026 09:40
Цяпер ён збіраецца аспрэчыць адмову ў гарадскім судзе Тбілісі, дзе ўжо раней перамагаў. 
Раман КіслякКрыніца: facebook.com/raman.kisliak

Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі другі раз адмовіў Раману Кісьляку ў палітычным прытулку. Пра гэта сам Раман Кісьляк расказаў Радыё «Свабода».

Паводле яго, рашэнне прынялі яшчэ ў снежні мінулага года, але пра яго стала вядома толькі цяпер.

— Гэта быў паўторны зварот па прытулак з прычыны новых абставін. З 1 кастрычніка мінулага года пачалася новая працэдура. Каб зарэгістраваць чалавека як «просьбіта прытулку», яго заява павінна быць прызнаная прымальнай. Ну і мне на гэтай першай стадыі адмовілі. Мелі разглядзець за 10 дзён, а яны расцягнулі на 4 месяцы. Відавочна, проста забылі пра мяне. А калі я нагадаў — заднім чыслом аформілі адмову, — кажа Кісьляк.

Раман з’ехаў з Беларусі ў ліпені 2021 года, бо баяўся рэпрэсій, трапіў у Грузію і з таго часу просіць палітычны прытулак.

У 2023 годзе Дэпартамент міграцыі ўжо адмовіў яму, але гарадскі суд Тбілісі гэтае рашэнне адмяніў. Потым Апеляцыйны суд летась адмяніў рашэнне гарадскога суда, і адмову Дэпартамента міграцыі прыйшлося прымаць: Кісьляк павінен быў з’ехаць за 30 дзён, калі не знойдзе падстаў заставацца.

Тады ён падаў скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, яе зарэгістравалі, і ён мог заставацца ў Грузіі.

Цяпер Раман збіраецца аспрэчыць адмову ў гарадскім судзе Тбілісі, дзе ўжо раней перамагаў. Ён працягвае праваабарончую працу ў Грузіі — дапамагае беларусам юрыдычнымі парадамі.

Па даных праваабаронцаў, у Грузіі зараз да сотні беларусаў просяць прытулку.

У 2025 годзе грузінскія ўлады адмовілі ў прытулку 22 беларусам. У цэнтр часовага размяшчэння пры Дэпартаменце міграцыі летась накіравалі пяць беларусаў, шэсць чалавек выслалі з краіны, паведамляла крыніца «Позірка» са спасылкай на Нацыянальную паліцыю Грузіі.

вс