У 2025 годзе пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск на волю выйшлі некалькі груп беларускіх палітвязняў. Пры праверцы па сэрвісах МУС высветлілася, што ў некаторых з іх беларускія пашпарты сталі несапраўднымі.
У многіх людзей, якіх вызвалілі падчас абмену ў верасні і снежні і якім аддалі іх дакументы, беларускія пашпарты паказаныя ў сістэме МУС як «несапраўдныя».
Цяпер беларускі пашпарт немагчыма выкарыстаць ні для ідэнтыфікацыі ў польскіх банках, ні для заключэння дамоваў, ні для перасячэння мяжы. Да таго ж, усе беларускія рахункі і іншыя акаўнты, завязаныя на пашпарт (е-паслуга, сім-карты і г.д.) аўтаматычна будуць заблакаваныя, паведамляе Наша Ніва.
Пакуль ідзе разгляд заявы на бежанства ці на гуманітарны дазвол на жыхарства, чалавек не мае на руках еўрапейскага праязнога дакумента. Ануляванне беларускага пашпарта азначае, што звесткі пра яго несапраўднасць з вялікай імавернасцю ўжо перададзеныя ў міжнародныя базы, такія як база скрадзеных і згубленых дакументаў Інтэрпола (SLTD).
Гэта робіць немагчымым перасячэнне межаў нават унутры Шэнгенскай зоны, калі ў чалавека ўжо ёсць віза ці іншы спосаб легалізацыі ў ЕС.
Паўнавартасна падарожнічаць вызваленыя змогуць толькі пасля таго, як польскія ці літоўскія ўлады задаволяць іх заявы і выдадуць Жэнеўскія пашпарты ці праязныя дакументы іншаземца (у выпадку, калі замест бежанства яны атрымаюць дадатковую абарону ці гуманітарны дазвол на жыхарства).
Акрамя таго, калі раней у іх была магчымасць падарожнічаць у краіны, у якія не патрэбная віза з беларускім пашпартам, то цяпер гэта стане немагчыма.
Больш за тое, толькі з Жэнеўскім пашпартам ці праязным дакументам іншаземца вельмі складана наведаць краіны, якія не падпісалі канвенцыю аб бежанцах 1951 года, напрыклад, краіны Персідскага заліва (ААЭ, Катар і іншыя) і некаторыя краіны Азіі (Індыя, В'етнам, Інданезія, Тайланд, Малазія, Манголія). Праблемай могуць стаць і рэйсы з перасадкамі ў гэтых краінах.
Грамадзянства былыя палітвязні не пазбаўлены.
НН/ав