Беларуская Служба

Грамадзяніна Літвы асудзілі ў Беларусі на 15 гадоў пазбаўлення волі

01.04.2026 14:05
Паводле праваабаронцаў, мужчыну, хутчэй за ўсё, судзілі па артыкулах за шпіянаж і агентурную дзейнасць.
Міраславас Троцкіс dissidentby.com/by

Міністэрства замежных спраў Літвы пацвердзіла інфармацыю пра тое, што грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс быў асуджаны ў Беларусі да 15 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе Літоўская тэлевізія.

— Пасольства Літвы ў Мінску было праінфармаванае аб яго затрыманні, чалавека наведаў консул, і з яго роднымі падтрымліваецца пастаянная сувязь. Больш падрабязную інфармацыю мы не можам даць з-за абароны персанальных дадзеных, — гаворыцца ў адказе МЗС агенцтву Elta.

Ведамства таксама нагадала, што ўжо некалькі гадоў «настойліва рэкамендуе грамадзянам Літвы не ездзіць у Беларусь, а тым, хто ўжо там знаходзіцца, неадкладна пакінуць краіну з-за ўзніклай пагрозы затрымання».
Як паведамлялася, грамадзянін Літвы Міраславас Троцкіс паехаў наведаць сваякоў у Беларусь, дзе быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі, нібыта за шпіянаж. Пра гэта паведамляюць партал «Наша ніва» і ініцыятыва «Dissidentby», якая публікуе ў інтэрнэце спісы палітычных зняволеных.

35-гадовы жыхар Вільні восенню 2024 года паехаў у Беларусь, каб наведаць сваякоў, але дадому так і не вярнуўся. З адкрытых крыніц вядома, што мужчына падтрымліваў цесныя сувязі з Беларуссю. З паведамленняў у Facebook вынікае, што ён альбо жанаты, альбо заручаны з грамадзянкай Беларусі, таксама мае там сваякоў і з маладосці часта ездзіў у Беларусь. У дадатку Telegram-канала мужчына быў актыўны толькі ў чат-групах, прысвечаных перасячэнню мяжы.

Паводле выдання «Наша ніва» Троцкіс таксама не публікаваў у іншых сацсетках нічога, што рэпрэсіўная беларуская прававая сістэма магла б успрыняць як забароненую рэч.

11 сакавіка грамадзянін Літвы быў прысуджаны да суровага пакарання ў выглядзе 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму.

Ініцыятыва «Dissidentby» паведаміла, што абставіны справы ўсё яшчэ расследуюцца, але гаворка можа ісці пра «шпіянаж». Паводле звестак праваабаронцаў, мужчыну судзілі па артыкуле 358 (шпіянаж) і артыкуле 358-1 (агентурная дзейнасць) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

аз

Беларусь у ліку краін, з якіх МЗС Літвы рэкамендуе сваім грамадзянам з'ехаць

06.03.2026 10:45
Пасля таго як на Блізкім Усходзе пачалася вайна, Міністэрства замежных спраў Літвы абнавіла рэкамендацыі для жыхароў сваёй краіны.