Беларуская Служба

За чатыры дні з Беларусі ў Літву спрабавалі незаконна перабрацца 117 замежнікаў

03.04.2026 17:17
Да гэтага тыдня за амаль тры месяцы памежнікі спынілі 135 нелегальных спробаў перасячэння мяжы з Беларусі.
Літоўскі памежнік на ахове мяжы з БеларуссюКрыніца: State Border Guard Service/Lithuania/X

З 30 сакавіка па 2 красавіка мяжу Літвы з боку Беларусі спрабавалі незаконна перайсці 117 замежнікаў. Гэта амаль столькі ж, як за ўсе папярэднія тры месяцы 2026 года, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, на якую спасылаецца «Еўрарадыё».

Да гэтага тыдня за амаль тры месяцы памежнікі спынілі 135 нелегальных спробаў перасячэння мяжы з Беларусі. У некаторыя дні ўвогуле не было спробаў пераходу граніцы.

Таксама літоўскія памежнікі апісалі партрэт сярэдняга парушальніка мяжы.

— Апошнім часам мігранты, якія спрабуюць пранікнуць з Беларусі, гэта часцей за ўсё мужчыны ва ўзросце 20-40 гадоў, фізічна моцныя, здаровыя, нярэдка дзёрзкія, якія намагаюцца пазбягаць кантакту з супрацоўнікамі памежнай службы, — зазначылі пагранічнікі.

У службе дадалі, што для мігрантаў Літва не з'яўляецца мэтай: яны проста хочуць праз яе трапіць далей у Заходнюю Еўропу, часцей за ўсё — у Германію.