Беларуская Служба

«Праваслаўны атэіст» Лукашэнка назваў хрысціянскія дабрадзейнасці «непарушным маральным арыенцірам»

05.04.2026 11:36
5 красавіка каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначаюць самае старажытнае і важнае хрысціянскае свята – Уваскрасенне Хрыстова, або Вялікдзень.
  ,
Памеранскі шпіц Умка, Лукашэнка і яго генералы скрыншот/Пул першага

«Непарушным маральным арыенцірам» назваў хрысціянскія дабрадзейнасці Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні 5 красавіка з нагоды Вялікадня.

— Навіна аб Уваскрасенні Хрыстовым і ўсведамленне велічы свята перамяняюць духоўна, мы імкнемся жыць па сумленні, паступаць па справядлівасці, быць больш міласэрным да навакольных, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба. На гэта звяртае ўвагу «Позірк».

Лукашэнка, які раней называў сябе «праваслаўным атэістам», таксама заявіў, што хрысціянскія каштоўнасці не губляюць актуальнасці «на працягу многіх стагоддзяў» і аб’ядноўваюць «беларусаў на стварэнне пад мірным небам».

У віншаванні мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму архіепіскапу Іосіфу Станеўскаму Лукашэнка заявіў: «Шмат стагоддзяў вернікі адзначаюць у гэты дзень перамогу жыцця, дабра і святла, якія з новай сілай абуджаюць у душах веру, надзею, любоў».
Хрысціянскія каштоўнасці, паводле слоў палітыка, «моцна ўплеценыя ў духоўны код беларускага народа, яны аб’ядноўваюць людзей, вучаць спачуванню і міласэрнасці, дапамагаюць захоўваць мір і згоду на роднай зямлі».

5 красавіка каталікі, грэка-каталікі і пратэстанты адзначаюць самае старажытнае і важнае хрысціянскае свята — Уваскрасенне Хрыстова, або Вялікдзень.

Многія вернікі і рэлігійныя дзеячы адкрыта выказваліся пра грамадска-палітычны крызіс, што ўзнік на фоне сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных акцый, у выніку чаго рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзмацніў кантроль за рэлігійнай сферай.
У 2023 годзе на заканадаўчым узроўні рэлігійным арганізацыям фактычна забаранілі праяўляць палітычную актыўнасць не ў фарватары ўладаў і абавязалі перарэгістравацца.

З пачатку восені 2020 года па 21 сакавіка 2026-га, згодна з данымі ініцыятывы «Хрысціянская візія», з рэпрэсіямі ў Беларусі ў той ці іншай форме сутыкнуліся 93 хрысціянскія служыцелі: каталіцкага касцёла — 37, евангельскіх цэркваў — 31, праваслаўнай царквы — 20, грэка-каталіцкай царквы — 5.

вс