За апошнія два тыдні ў Літву з Беларусі вярнуліся 679 фур з літоўскай рэгістрацыяй, якія некалькі месяцаў не маглі пакінуць краіну. Паводле звестак літоўскай памежнай службы, 362 машыны прайшлі праз пункт пропуску Меднікі, яшчэ 317 — праз Салечнікі. Толькі за 6 красавіка мяжу перасеклі 24 фуры, — паведамляе Delfi.lt.
Першыя грузавікі пачалі вяртацца 24 сакавіка пасля таго, як дыктатар Аляксандр Лукашэнка дазволіў іх выезд. Да гэтага, паводле беларускіх уладаў, у краіне заставалася больш за 1900 транспартных сродкаў.
Грузавікі знаходзіліся ў Беларусі з лістапада 2025 года — гэта быў адказ на закрыццё Літвой некаторых пунктаў пропуску праз праблемы з кантрабандай.
Паводле літоўскіх перавозчыкаў, страты ад сітуацыі склалі да 22 мільёнаў еўра. У Еўракамісіі затрыманне транспарту назвалі неабгрунтаваным.
эж