Школьнікі ў Беларусі ў большасці не падтрымліваюць вайны Расіі супраць Украіны і не прымаюць афіцыйнай расійскай рыторыкі. Пра гэта распавёў педагог адной са школ Гомельскай вобласці ў размове з выданнем «Флагшток».
Паводле яго слоў, падлеткі застаюцца прамалінейнымі і адкрыта гавораць пра тое, што бачаць і чуюць, нават нягледзячы на негалосную забарону абмяркоўваць вайну ў школах. Дзеці расказваюць пра палёты дронаў, верталётаў, перамяшчэнне тэхнікі. Калі хтосьці з іх сваякі пацярпеў або загінуў — з украінскага ці расійскага боку — яны эмацыйна гэта перажываюць.
Пры гэтым, адзначае суразмоўца, ён амаль не чуў ад вучняў выказванняў у падтрымку вайны. Тэрмін «СВА», а таксама лозунгі кшталту «Данбас наш» або «Расія пераможа» гучаць хіба што ад дарослых — настаўнікаў ці бацькоў. Сярод дзяцей, наадварот, пераважаюць асуджэнне і неразуменне таго, чаму Беларусь уцягваецца ў канфлікт.
Разам з тым школьнікі сутыкаюцца з жорсткім ваенным кантэнтам у сацыяльных сетках — у TikTok і Telegram. Асабліва актыўна такі кантэнт распаўсюджваўся некалькі гадоў таму, у перыяд папулярызацыі прыватных вайсковых структур. Аднак нават гэта, паводле педагога, не прывяло да адкрытай дэманстрацыі сімволікі або падтрымкі вайны ў школах — у тым ліку з-за цесных сувязяў многіх сем’яў з Украінай.
Што да пазіцыі педагогаў, то ў 2022 годзе ім рэкамендавалі не абмяркоўваць вайны з вучнямі і «не акцэнтаваць увагі» на падзеях. Але, як адзначае суразмоўца, ігнараваць рэальнасць цяжка, калі баявыя дзеянні адчуваюцца нават у памежных рэгіёнах.
нг