Беларускія ўлады рыхтуюць закон аб забароне «прапаганды гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі». Адвакат Дзмітрый Лепрэтар папярэджвае: расплывістыя фармулёўкі ператвараюць яго ў інструмент рэпрэсій супраць любога грамадзяніна, паведамляе «Свабода».
СМІ нагадвае, што 2 красавіка гэты законапраект быў ухвалены Саветам Рэсупблікі. Каб ён уступіў у сілу, засталося, каб яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Галоўная праблема новай нормы — у тым, што паняцце «прапаганда» ў законе не вызначана. Як тлумачыць юрыст Дзмітрый Лепрэтар, гэта робіць тэрмін «гумовым»: пад яго можна падцягнуць практычна любое выказванне.
— Калі падыходзіць легалісцкі, то неабходны нейкі заклік або перакананне прытрымлівацца таго або іншага ладу жыцця. Але як мы бачым на прыкладзе расійскай практыкі — любое згадванне ЛГБТК+ ужо можа лічыцца прапагандай, — тлумачыць юрыст.
Беларускі закон ёсць, па сутнасці, калькай з расійскага. І расійская практыка ўжо паказвае, куды гэта вядзе: нават вясёлку на пачку марозіва абвясцілі «прапагандай гомасексуальных адносін».
Чым рызыкуе звычайны чалавек?
Пост «я не хачу дзяцей» тэарэтычна можа быць расцэнены як прапаганда чайлдфры. Лайк або рэпост публікацыі ЛГБТК+ блогера — як распаўсюджванне забароненых матэрыялаў па аналогіі з экстрэмісцкімі.
Камін-аўт у сацсетках, сторыс з вясёлкавым сцягам, нават размова бацькоў з непаўналетнім дзіцём пра сексуальную арыентацыю — усё гэта патэнцыйна падпадае пад другую частку артыкула, якая прадугледжвае больш суровае пакаранне за азнаямленне з такой інфармацыяй непаўналетніх.
— Зараз з улікам таго, што адбываецца ў Беларусі, у мяне складваецца ўражанне, што наогул вельмі рызыкоўна весці сацсеткі. Што б ты ні напісаў — гэта можа выклікаць нейкія непразрыстыя прававыя наступствы, — кажа Дзмітрый Лепрэтар. ЛГБТК+, чайлдфры і педафілія — гэта з’явы зусім рознага парадку, і іх аб’яднанне ў адным законе носіць маніпулятыўны характар, — лічыць юрыст.
У яго ацэнцы, закон супярэчыць базавым прынцыпам міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і паказвае, што дзяржава рухаецца па таталітарнай мадэлі.
аз