Беларуская Служба

Літоўцы затрымалі мігрантаў, якія вылазілі з падкопу пад мяжой з Беларуссю 

10.04.2026 08:36
Сярод затрыманых — грамадзяне Афганістана, Ірака і Пакістана.
Літоўскі памежнік на ахове мяжы з БеларуссюКрыніца: State Border Guard Service/Lithuania/X

Літоўскія памежнікі затрымалі групу з 30 нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў краіну з Беларусі праз падкоп. Інцыдэнт адбыўся 6 красавіка ў Віленскім раёне: камеры зафіксавалі, як людзі па чарзе вылазілі з тунэля каля вёскі Баравікіне, — паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

У аперацыі па затрыманні нелегальных мігрнатаў удзельнічалі службовыя сабакі, дроны, верталёт і паліцыя. Большасць мігрантаў, якія разбіліся на групы, затрымалі цягам наступных сутак. Да серады ўдалося знайсці 27 чалавек.

Сярод затрыманых — грамадзяне Афганістана, Ірака і Пакістана. Частку вярнулі ў Беларусь, двое трапілі ў бальніцу. Таксама затрымалі некалькі чалавек, якія павінны былі перавезці мігрантаў у Польшчу, і меркаваных арганізатараў схемы. Імі кіравалі дыстанцыйна, перадаючы маршруты і інструкцыі.

Пошукі яшчэ траіх нелегалаў працягваюцца, распачата крымінальнае расследаванне.

эж