Беларуская Служба

Сёння — 15-ая  гадавіна тэракта ў Мінскім метро

11.04.2026 09:24
Святлана Ціханоўская назвала тыя падзеі трагедыяй, болем, «які жыве ў нашых сэрцах ужо 15 гадоў». 
Святлана ЦіханоўскаяScreenshot z Youtibe

15 гадоў таму 11 красавіка 2011 года ў Мінску прагрымеў выбух на станцыі «Кастрычніцкая». Загінулі 15 чалавек, болей за 400 атрымалі траўмы.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская напісала, што сёння беларусы згадваюць тых, хто загінуў у Мінску.

— Звычайных людзей, якія проста ехалі дадому, спяшаліся да сваіх блізкіх, жылі звычайным жыццём, будавалі планы. І чые жыцці былі жорстка абарваныя ў адзін момант. Больш за 400 атрымалі раненні. Ніякія словы не здольныя перадаць той жах, які перажылі сотні сем'яў і ўся Беларусь. Гэты дзень — асабісты боль для многіх беларусаў, — зазначыла палітык. — Дзень страты родных, дзень хвалявання за параненых, дзень аб’яднання дзеля дапамогі пацярпелым. Памятаеце, як людзі падвозілі пацярпелых, аказвалі медычную дапамогу, шукалі родных па шпіталях? Нават у самыя цяжкія моманты беларусы не засталіся ўбаку — трымаліся разам і дапамагалі адно аднаму. Гэта памяць, якая застаецца з намі, — падкрэсліла Святлана Ціханоўская і нагадала, што памяць — гэта і адказнасць. — Адказнасць перад тымі, каго ўжо няма, і перад тымі, хто жыве сёння. І таму праўда пра гэтую трагедыю таксама мае значэнне. Калі ў грамадстве праз гады застаюцца пытанні, адказ на іх можа даць толькі поўнае, незалежнае і празрыстае расследаванне, якому людзі могуць давяраць. Бяспека людзей — гэта аснова, на якіх трымаецца любое грамадства.

Крыніца: Светлана Тихановская/юл