Беларуская Служба

«Дабро і праўда абавязкова перамогуць». Ціханоўская і Лукашэнка павіншавалі беларусаў з Вялікаднем

12.04.2026 09:33
Ціханоўская казала пра цуд, а Лукашэнка — пра сям’ю.
.
.фота: Pixabay.com/geralt

12 красавіка праваслаўныя хрысціяне адзначаюць Вялікдзень. Свае віншаванні беларусам адрасавалі лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская і Аляксандр Лукашэнка. Вось што палітыкі сказалі ў сваіх зваротах.

Святлана Ціханоўская сваё відэавіншаванне пачала з таго, што ў гэты дзень многія беларусы вітаюць адзін аднаго словамі «Хрыстос уваскрэс! — Сапраўды ўваскрос! » Паводле яе слоў, гэта гісторыя аб тым, што нават у самыя цёмныя часы адбываюцца цуды, якія нагадваюць аб сіле веры і надзеі.

— Гэта словы, якімі шмат гадоў таму людзі перадавалі вестку пра цуд, якога чакалі вельмі многія. А для кагосьці ўваскрашэнне Хрыста сталася падзеяй, што вярнула веру, надзею і ўпэўненасць у лепшую будучыню. Гэта гісторыя пра тое, што нават у самы цёмны час адбываюцца рэчы, якія нагадваюць нам пра сілу веры і надзеі, — сказала палітык.

Яна дадала, што ўсім час ад часу патрэбны нават самы маленькі цуд, які можа падтрымаць і даць сілы рухацца далей.

— І гэтыя цуды сапраўды адбываюцца. Трэба толькі быць уважлівымі, каб заўважаць іх і верыць у лепшае. Дык няхай гэтае свята ўмацуе вашу веру ў тое, што дабро і праўда абавязкова перамогуць. Са святам вас, дарагія, — пажадала Святлана Ціханоўская.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні, апублікаваным яго прэс-службай, адзначыў, што гэта свята «непадзельна звязана з трыумфам жыцця і веліччу самаахвяравання».

— Велікодныя традыцыі аб’ядноўваюць нас у коле сям’і. Адмысловая цеплыня нагадвае аб высокім прызначэнні чалавека — клапаціцца аб блізкіх і дапамагаць патрабуючым. Духоўная сіла гэтых веснавых дзён дазваляе ўсвядоміць важнасць маральных каштоўнасцяў і ідэалаў хрысціянства, — гаворыцца ў віншаванні.

Лукашэнка пажадаў, каб «светлая радасць свята прыўнесла ў нашы дамы дабрабыт і згоду, стала невычэрпнай крыніцай веры, любові і міласэрнасці».

Крынціа: Зеркало

нг