Рэпрэсіі па «справе „Беларускага Гаюна“» не спыняюцца. Праваабарончы цэнтр “Вясна” распавёў, пра якую колькасць пацверджаных фігурантаў вядома зараз. У праваабаронцаў ёсць інфармацыя як мінімум пра 184 пацверджаных фігурантаў, якіх змясцілі пад варту.
«Агульная ж колькасць затрыманых значна большая — праваабаронцам вядома пра шэраг затрыманняў, якія адбыліся ў апошні час», — гаворыцца ў паведамленні.
Па дадзеных праваабаронцаў, суды па «справе „Гаюна“» праходзяць літаральна кожны дзень. З пачатку года ў "спіс экстрэмістаў" МУС былі дададзены 278 чалавек. Пераважная большасць з іх, паводле інфармацыі “Вясны”, праходзяць менавіта па гэтай справе.
У асноўным фігурантам прызначаюць "хатнюю хімію", але вядомыя і выпадкі пазбаўлення волі.
Праваабаронцы просяць паведамляць ім пра выпадкі затрымання ці асуджэння па гэтай справе, гарантуючы ананімнасць.
5 лютага 2025 года заснавальнік маніторынгавага праекта "Беларускі Гаюн" Антон Матолька паведаміў аб уцечцы дадзеных з чат-бота, куды беларусы дасылалі інфармацыю аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі. Ён прызнаў, што гэта адбылося праз ягоную памылку. Уваход у чат адбыўся па старой спасылцы, створанай яшчэ 2 сакавіка 2022 года, а ў наладах не была ўключаная функцыя "схаваць паведамленні для новых карыстальнікаў".
Неўзабаве пасля гэтага стала вядома аб першых затрыманнях. Праваабаронцы назвалі «справу „Беларускага Гаюна“» адной з самых маштабных рэпрэсіўных кампаній, якая саступае па размаху толькі пераследам за пратэсты 2020 года.
ПЦ "Вясна"/Зеркало
нг