Беларуская Служба

Мікалай Статкевіч: Я дагэтуль лічуся зняволеным

14.04.2026 14:11
11 верасня 2025 года Мікалай Статкевіч разам з яшчэ 51 вязнем быў выпушчаны на волю ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.
Мікалай Статкевіч screen/youtube, канал Мікалая Статкевіча на You Tube

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч дагэтуль афіцыйна мае статус зняволенага, паведаміў ён у сваім Тэлеграм-канале 14 красавіка.

— Гісторыя з маім пашпартам, знойдзеным у СІЗА-1, займела працяг. Высветлілася, што аднавіць пенсію па ім адным нельга — трэба яшчэ даведка пра вызваленне. Тым болей, што, як мне паведамілі, згодна з базай дадзеных МУС я дагэтуль лічуся зняволеным у ПК-13 у Глыбокім, — напісаў палітык, а яго словы цытуе «Позірк».

Паводле Статкевіча, намеснік начальніка па аператыўнай працы згаданага мінскага ізалятару, куды ён звярнуўся за даведкай пра вызваленне, адмовіў у выдачы паперы, бо яго нібы «не вызвалялі», а вывезлі з турэмнай бальніцы «планавым канвоем».

— А пашпарт і рэчы мне аддалі, бо яны «належаць мне», — дадаў палітык. — Праўда, [супрацоўнік] ніяк не патлумачыў, чаму мая жонка Марына апынулася ў складзе таго «планавага канвою». Я прыгадваю, як адна афіцыйная дама ў тэлевізары сцвярджала, што мяне, нібыта, вызвалілі згодна з «указам аб памілаванні» яшчэ ў верасні мінулага года. Але хто той указ бачыў… (...); Цяпер я канчаткова заблытаўся ў сваім сённяшнім юрыдычным статусе і месцазнаходжанні, — напісаў ён.

13 красавіка паведамлялася, што дакументы Статкевіча знайшліся ў мінскім СІЗА № 1. Разам з пашпартам, паводле яго слоў, былі знойдзеныя «турэмныя рэчы, сярод якіх былі «вырак» і рашэнне «апеляцыйнай інстанцыі».

Экс-палітвязень паведаміў, што сярод іншага знайшлася таксама пастанова суда, якая забараняе яму выязджаць за мяжу.

11 верасня 2025 года Мікалай Статкевіч разам з яшчэ 51 вязнем быў выпушчаны на волю ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам. Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Пасля гэтага доўгі час яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомыя.

19 лютага 2026 года жонка Статкевіча Марына Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе 69-гадовы муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту. Паведамлялася, што пры вызваленні палітыку не вярнулі пашпарту.

20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне вызваліць Статкевіча «на просьбу сваякоў». «Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне аб памілаванні Мікалая Статкевіча прэзідэнт прыняў ужо даўно», — сказала яна тады.

Доўгі час у няволі Статкевіч правёў у інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада), неаднаразова змяшчаўся ў штрафны ізалятар, сама меней паўгода правёў у адзіночнай камеры.

вс