18 красавіка ў Жэшаве адбудзецца Дзень салідарнасці з беларускім народам. Сёлета галоўнай тэмай мерапрыемства стануць беларусы, якія жывуць у Польшчы — як прадстаўнікі нацыянальнай меншасці, так і тыя, хто быў вымушаны эміграваць.
Сустрэча пачнецца а 17-й гадзіне ў будынку Польскага радыё Жэшаў на вуліцы Замкавай, 3.
У праграме — паказ дакументальнага фільма «Беларускія жанчыны едуць на Падляшша» рэжысёра Арцёма Лобача, пасля якога адбудуцца дэбаты пад назвай «Большасць, меншасць, эмігранты».
Падчас дыскусіі ўдзельнікі будуць гаварыць пра досвед беларусаў, якія жывуць у Польшчы, пра жыццё нацыянальнай меншасці і пра тое, што значыць быць беларусам у сучаснай Польшчы.
Арганізатары падкрэсліваюць, што хоць сёлета не ўдалося разам адзначыць Дзень Волі 25 сакавіка, гэтая сустрэча павінна нагадаць пра барацьбу беларусаў за свабоду, незалежнасць, сваю гісторыю, культуру і мову.
Мерапрыемства завершыцца канцэртам гурта Ku*Dziki, створанага ў 2023 годзе музыкамі з Беларусі, якія цяпер жывуць у Беластоку.
Паводле арганізатараў, колькасць месцаў абмежаваная з меркаванняў бяспекі, таму патрэбная папярэдняя рэгістрацыя.
ав