Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт скасаваў сваё рашэнне «Аб арганізацыі і правядзенні Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы»», паведамляе «Свабода» і нагадвае, што гэта чарговы фестываль, які сёлета скасавалі беларускія ўлады.
Як адзначаецца ў апублікаваным 16 красавіка на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэнні, ухваленым 11 сакавіка, яно было ўзгоднена з іншымі арганізатарамі фестывалю — з Міністэрствам культуры, Віцебскім аблвыканкамам, Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і Браслаўскім раённым аб’яднаннем музеяў.
Адметна, што на сайце Браслаўскага райвыканкама дагэтуль застаецца абвестка, у якой да ўдзелу ў фестывалі, які мусіў прайсці сёлета 22–24 траўня, запрашаюць прадстаўнікоў іншых краін. Заявы на ўдзел прымалі да 1 сакавіка.
«Браслаўскія зарніцы» вядуць сваю гісторыю з 1967 года, а з 2009-га фестываль набыў статус міжнароднага. У ім традыцыйна ўдзельнічалі танцоры, музыкі, выканаўцы песень з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі.
Сёлета стала вядома, што ў Беларусі скасавалі адразу чатыры буйныя фестывалі – Festiwow у Мінску, нясвіжскі Wostrau, прарасійскае «Солнцестояние» ў Пружанах і Lidbeer.
Цяпер у Беларусі арганізоўваць фестывалі і канцэрты могуць толькі кампаніі са спісу, які зацвярджаюць улады.
аз