З рэзкай крытыкай палітыкі Злучаных Штатаў Амерыкі выступіў Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка ў інтэрв’ю амерыканска-кубінскаму журналісту Рыку Санчэсу для падкантрольнага Расіі міжнароднага тэлеканалу Russia Today.
У прыватнасці, дыктатар прапанаваў ЗША «вучыцца дэмакратыі» ў Беларусі (на падставе расшыфраванага прэс-службай палітыка фрагмента відэаінтэрв’ю), паведамляе «Позірк».
— У нас — я пра гэта даўно казаў — дэмакратыі вам давядзецца вучыцца. У нас у сто разоў гэтай дэмакратыі больш, чым у вас. Рэальнай дэмакратыі, рэальных правоў чалавека… Пра якія правы чалавека вы можаце разважаць, калі вы забіваеце людзей? Забілі чалавека — якія ў яго правы? Ён мёртвы, — заявіў Лукашэнка ў кантэксце апошніх дзеянняў Вашынгтона ў Венесуэле і Іране, а таксама ваеннай аперацыі Ізраіля ў сектары Газа.
Лукашэнка сказаў, што «палітыка ЗША прадыктаваная інтарэсамі, а не дэмакратыяй і правамі чалавека». Напрыклад, на яго думку, «у выпадку вайны з Іранам гаворка ідзе пра жаданне займець кантроль над нафтай і газам».
— Гэтыя інтарэсы (кантроль над вуглевадародамі. – рэд.) вамі здабываюцца любым спосабам, у тым ліку ваенным. Вы гатовыя бамбіць, ламаць, крышыць, нягледзячы ні на якія правы чалавека — гэта аснова дыктатуры, — заявіў ён.
Акрамя таго, лічыць Лукашэнка, дэмакратыі няма і ўнутры саміх Злучаных Штатаў.
— Вы кажаце пра правы чалавека, пра дэмакратыю, а рэальна ў краіне нічога не мяняецца. Дык, можа быць, у вас дыктатура ўнутры краіны?
Прэс-служба палітыка паведаміла, што ў інтэрв’ю сярод іншага былі ўзнятыя тэмы падрыхтоўкі «вялікай здзелкі Беларусі і ЗША» і «яе магчымыя ўмовы», «асаблівага шляху ЗША да аднаўлення супрацы з Расіяй — праз Беларусь», а таксама «магчымасці сустрэчы» Лукашэнкі і амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа.
Адметна, што Лукашэнка, крытыкуючы палітыку ЗША як такую, імкнецца пазбягаць прамой крытыкі Трампа, выказваецца пра яго ў асноўным у пазітыўным ключы.
У прыватнасці, 3 красавіка Лукашэнка заявіў, што ЗША ў вайсковым канфлікце з Іранам, які на той момант яшчэ не прайшоў вострую фазу, нібыта пачалі дзейнічаць у адпаведнасці з тымі рэкамендацыямі, якія ён даў Трампу. Ён сцвярджаў, што прасіў перадаць амерыканскаму прэзідэнту, каб той «даў Ізраілю паваяваць з Іранам».
— Вось і пабачым, што атрымаецца. А чужымі рукамі мы ўсе ўмеем ваяваць, як ва Украіне Захад ваюе <…>. Вось бачу, што здаровы глузд узяў уверх, паціху, паціху адтуль сыходзяць, — сказаў ён тады.
20 сакавіка, распавядаючы прапагандыстам пра перагаворы з амерыканцамі, Лукашэнка казаў пра вялікую здзелку з ЗША.
— Мы гатовыя, Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца. Аж да таго, што ў яго дома, у Фларыдзе, і дамовіцца.
30 сакавіка Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы TruthSocial заявіў, што чакае сустрэчы з Лукашэнкам на наступным пасяджэнні Савета міру.
вс