Беларуская Служба

Чыноўнікі плануюць змены ў працэсе правядзення перапісу насельніцтва

19.04.2026 09:42
Адна з ідэй — знізіць узрост рэспандэнтаў, якія самастойна могуць прадастаўляць персанальныя дадзеныя аб сабе, да 15 гадоў.
 .
Ілюстрацыйны здымак. Shutterstock/r.classen

У Беларусі плануюць унесці змены ў правілы перапісу насельніцтва. Гэта прадугледжана планам падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2026 год, піша "Люстэрка".

Улады маюць намер унесці змены, каб "аптымізаваць працэс арганізацыі і правядзення наступнага раўнда перапісу насельніцтва".

Сярод іншага чыноўнікі хочуць замацаваць магчымасць запаўнення рэспандэнтамі перапісных лістоў праз спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне ў інтэрнэце. Яшчэ адна ідэя — знізіць узрост рэспандэнтаў, якія самастойна могуць прадастаўляць персанальныя дадзеныя аб сабе, да 15 гадоў (на дату правядзення перапісу).

— Падрыхтоўка законапраекта дасць магчымасць устараніць прабелы ў прававым рэгуляванні грамадскіх адносін, а таксама вырашыць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць пры падрыхтоўцы і правядзенні перапісу насельніцтва, — гаворыцца ў абгрунтаванні да законапраекта.

Раней у Белстаце заявілі, што перапіс насельніцтва Беларусі павінен прайсці ў кастрычніку 2029 года. Спецыялісты пачалі падрыхтоўку. Напрыклад, Белстат плануе максімальна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы даных і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

нг