Асуджаны за шпіянаж на карысць Беларусі жыхар Вільні Мантас Данелюс падаў у суд на прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседу. Ён абскарджвае адказы Канцылярыі прэзідэнта адносна магчымасці «абмену шпіёнамі» і патрабуе 100 тысяч еўра кампенсацыі маральнай шкоды.
Данелюс, які адбывае дзевяцігадовы тэрмін у турме Правенішкес-2, просіць абмяняць яго на грамадзян Літвы, што знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі. З такой просьбай ён звяртаўся да прэзідэнта яшчэ ў маі 2025 года. Канцылярыя прэзідэнта заявіла ў судзе, што з яго зваротаў не вынікала прамога прашэння аб памілаванні, і не пагадзілася з яго пазіцыяй. Скаргу разгледзіць Рэгіянальны адміністрацыйны суд.
Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі цяпер утрымліваюцца восем грамадзян Літвы. У красавіку МЗС пацвердзіла, што Міраслаў Троцкі быў асуджаны ў Беларусі да 15 гадоў пазбаўлення волі за шпіянаж.
15 мая 2025 года Апеляцыйны суд Літвы пакінуў у сіле прысуд Данелюсу — дзевяць гадоў пазбаўлення волі. Суд устанавіў, што ён збіраў і перадаваў інфармацыю журналістцы Ксеніі Лебедзевай, якая супрацоўнічала з беларускай разведкай, у тым ліку звесткі пра беларускую апазіцыю ў Літве і полк імя Кастуся Каліноўскага.
Крыніца: LRT.lt
нг