Узаемадзеянне Беларускай чыгункі (БЧ) і расійскіх структур усё больш нагадвае адносіны не партнёраў, а падначаленага і кіраўніка. Пры гэтым у ролі апошняга выступае расійская кампанія. Пра гэта на прыкладзе рабочай перапіскі піша «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», звяртае ўвагу «Еўрарадыё».
Так, з ліста, які быў накіраваны 17 сакавіка 2026 года намеснікам генеральнага дырэктара АТ «РЖД-Лагістыка» Сяргеем Лёвіным першаму намесніку начальніка БЧ, відаць, як рабочыя пытанні ператвараюцца ў прамыя патрабаванні.
Фармальна дакумент выглядае як зварот. Аднак яго змест — «прашу змяніць план прыёму цягнікоў» і «даць даручэнне адказным супрацоўнікам» — па тоне бліжэй да ўнутранай перапіскі ў адной арганізацыі, чым да ўзаемадзеяння дзвюх самастойных чыгунак розных дзяржаў.
Гаворка ідзе пра затрымку кантэйнернага цягніка з рэфрыжэратарнымі ўстаноўкамі, які ідзе з Кітая ў Беларусь. Падобныя сітуацыі звычайна вырашаюцца аператыўна — праз дыспетчарскія службы, а не праз ліставанне на ўзроўні кіраўніцтва, падкрэслівае «Супольнасць».
«РЖД-Лагістыка» — не проста даччыная кампанія чыгунак Расіі, а інструмент кіравання міжнароднымі грузапатокамі. За апошнія гады яна стала вызначаць маршруты, фарміраваць сэрвісы і фактычна задаваць правілы на напрамку Кітай-Еўропа. На фоне пераразмеркавання патокаў і росту нагрузкі на беларускую інфраструктуру ўплыў такіх структур толькі ўзмацніўся.
Ліст «РЖД-Лагістыка» абыходзіць звычайны ланцужок кіравання перавозкамі і фактычна патрабуе змяніць план работы станцыі Калядзічы. Дадатковы ціск стварае аргументацыя пра міжнароднае супрацоўніцтва і рэпутацыю краіны — элементы, якія ператвараюць звычайную лагістычную праблему ў пытанне «асаблівай важнасці».
Так фарміруецца новая практыка, лічаць у «Супольнасці»: спачатку — просьбы, потым — настойлівыя патрабаванні, а ў выніку — прамыя ўказанні. Усё гэта адбываецца на шкоду інтарэсам БЧ, якая фармальна застаецца самастойнай структурай, але ўсё часцей вымушана падладжвацца пад знешнія прыярытэты.
Падобныя выпадкі ўжо не адзінкавыя, сцвярджаюць чыгуначнікі. На вузлавых станцыях — Брэст, Калядзічы — рэгулярна ўзнікаюць заторы, але цягнікі буйных расійскіх аператараў праходзяць хутчэй.
вс