Беларуская Служба

Лукашэнка сцвярджае, што дакладна перамагаў на ўсіх выбарах

20.04.2026 13:41
Ён і раней публічна сцвярджаў, што на яго карысць вынікі выбараў калі і карэктуюцца, то на нязначны адсотак.
           ..  - ,  - .
Шпіц Умка сядзіць на стале падчас наведвання Лукашэнкам рэстарана хуткага харчавання Мак.бай. Умка - злева, Лукашэнка - справа.Крыніца: YouTube/скрыншот

«Я над гэтым доўга думаў. Тое, што на ўсіх выбарах я перамагаў, гэта дакладна», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб абвінавачваннях у фальсіфікацыях вынікаў галасавання ў інтэрв’ю прапагандысцкаму тэлеканалу RT (раней Russia Today), якое ўзяў яго супрацоўнік амерыкана-кубінскага паходжання Рык Санчас. На гэта звяртае ўвагу партал «Позірк».

— Паўтара, два працэнты або паўпрацэнта [фальсіфікацыі], калі там у 85 або 86-87% [за мяне] нешта было, я пра гэта нават не ведаю. Але выбары праводзяць канкрэтныя людзі, і я так думаў: ну, можа быць, дзесьці хтосьці там схімічыў на паўпрацэнта. Не 87%, не 85% — будзе 84%. Што гэта мяняе, калі казаць пра выбары? — сказаў Лукашэнка.

Паводле ягоных слоў, за адсоткамі «стаяць канкрэтныя людзі».

— Таму я катэгарычна не згодны са сцвярджэннем, што я фальсіфікаваў выбары і захапіў уладу. Цяперашнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ў мяне давер людзей значна вырас нават пасля апошніх выбараў. Гэта ніхто не аспрэчвае, нават нашы збеглыя, ні амерыканцы, ні еўрапейцы, — мяркуе суразмоўца Санчаса.

Як заявіў Лукашэнка, амерыканцы пайшлі з ім на перамовы, «таму што яны ведаюць рэальную карціну, яны ведаюць, хто кіруе гэтай краінай рэальна і якая роля гэтай збеглай апазіцыі».

— Так, вам хочацца, каб яна мела сілу, вярнулася ў Беларусь і захапіла ўладу. Але гэта занадта жорстка, гэта занадта саманадзейна. Так не будзе. Яны гэта разумеюць, таму яны размаўляюць рэальна з уладай, якая мае тут уладу, — сказаў Лукашэнка.

Ён і раней публічна сцвярджаў, што на яго карысць вынікі выбараў калі і карэктуюцца, то на нязначны адсотак. Наўпрост пра фальсіфікацыю Лукашэнка заяўляў у 2006 годзе, аднак паднёс гэта так, што на мінулых тады выбарах рэальна ён нібыта атрымаў 93,5% галасоў, але афіцыйна абвясцілі 83%, каб быў «еўрапейскі адсотак».

У 2024 годзе ён дапусціў, што на выбарах-2020 яму маглі прыпісаць 3-5% (Цэнтрвыбаркам аддаў Лукашэнку 80% усіх галасоў).

У снежні 2025 года, выступаючы на Усебеларускім народным сходзе, ён міжволі прагаварыўся наконт рэальных вынікаў галасавання ў 2020-м.

— Нідзе вы больш не пераможаце. Мы зрабілі высновы з 2020 года, — заявіў Лукашэнка ў рамках завочнай дыскусіі з апанентамі.

Інтэрв’ю Санчасу было запісанае 17 красавіка. Прэс-служба Лукашэнкі расцягнула яго публікацыю на некалькі дзён. Цытаты прыведзеныя па відэафрагментах.

вс