Памёр беларускі мовазнаўца, папулярызатар беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук Уладзімір Куліковіч. Пра яго смерць паведаміла рэдакцыя часопіса «Роднае слова», дзе ён у свой час працаваў галоўным рэдактарам.
Уладзімір Куліковіч нарадзіўся ў 1967 годзе ў Ашмянскім раёне. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, пасля — аспірантуру. Выкладаў у Ліцэі БДУ, быў дацэнтам Кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ. Апошнія гады жыцця працаваў дацэнтам і загадчыкам кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Куліковіч быў аўтарам манаграфіі пра Уладзіміра Дубоўку як мовазнаўцу — «Тэарэтычныя і практычныя праблемы беларускай мовы ў працах У. Дубоўкі». Таксама ўдзельнічаў у праграме «Моўнік» на тэлеканале «Белсат», вёў папулярныя рубрыкі пра беларускую мову ў СМІ.
Навуковец унёс значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай мовы.
эж