Беларуская Служба

Былая палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева вярнулася ў прафесію

26.04.2026 10:05
Яна ўжо зрабіла першае інтэрв’ю – з былой зняволенай праваабаронцай Настай Лойкай. 
Кацярына Андрэевакрыніца: Белсат

Былая палітзняволеная журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева абвясціла, што вярнулася ў прафесію пасля 5,5 года зняволення. Яна ўжо зрабіла першае інтэрв’ю — з былой зняволенай праваабаронцай Настай Лойкай. Пра размову яны дамовіліся падчас таго, як «ехалі разам у бусіку да літоўскай мяжы» пасля вызвалення з Гомельскай жаночай калоніі.

— Я спадзяюся, што гэта будзе серыя інтэрв’ю, — сказала Кацярына Андрэева ў эфіры «Раніцы з «Белсатам». — Пакуль што я вырашыла пасправабаць свае сілы ў першым, паглядзім, як гэта атрымалася. Мы з Настай Лойкай дамовіліся пра гэтае інтэрв’ю, калі ехалі разам у мікрааўтобусе да літоўскай мяжы ў дзень нашага вызвалення — 19 сакавіка. Трошкі больш за месяц таму. Яшчэ раней у калоніі мы сябравалі і абмяркоўвалі, што было б добра, калі мы вызвалімся прыкладна ў адзін час, каб я ўзяла ў яе інтэрв’ю. І яна сказала, што для яе гэта будзе вельмі прыемна.

Паводле словаў Кацярыны Андрэевай, у  журналістыцы з’явілася новая тэндэнцыя — калі былыя палітзняволеныя журналісты размаўляюць з былымі палітвязнямі.

— Мы маем агульны досвед і разумеем адзін аднаго лепш, чым журналіст, які быў увесь гэты час на волі.

Кацярына Андрэева распавяла, што яе першае пасля вызвалення інтэрв’ю выйдзе ўжо «ў бліжэйшыя дні» на тэлеканале «Белсат» і паказала ўрывак з гэтай размовы. Таксама яна паведаміла, што зараз хоча сфакусавацца на вялікіх інтэрв’ю і «human story», і менавіта гісторыя Насты Лойкі стала першай кропкай адліку.

Белсат/ав